автордың кітабын онлайн тегін оқу Вясковая школа
Уладзiслаў Сыракомля
Вясковая школа
Вясковая школа
Гутарка
I
Навіна ў нашай вёсцы, падзея дзіўная, —
I старыя гадаюць, тужыць ці смяяцца:
Пабудована хата на выгане, з краю,
I хоць печы няма яшчэ ў гэтым палацы,
Не тынкованы сцены і вокны не свецяць,
А ўжо лаўкі стаяць, штосьці кшталтам касцёла.
Пра такія дзівосы не чулі на свеце:
Тут будзе школа!..
II
Гэта добра ці блага, але без адмовы
Хлопцаў слаць таму чорту — казалі не жартам,
Пан загадваў, і ксёндз, і старшынька вясковы,
дык няхай сабе ходзяць — спрачацца не варта.
ІІІ
дзівака-ягамосця прывезлі да школы:
Барада, як мяцёлка, з рудзінаю волас,
Паўкажушак на ім, капялюш не па мерцы,
Замест люлькі ён смаліць тытунь у паперцы.
Пан не пан, бо не горды, не хлоп, бо чытае;
Не аконам таксама — дзяўчат не чапае.
Пойдзе ў двор або часам адведаць плябана,
А з людзьмі гаварыў бы ад рана да рана.
Зняў мужыцкую хату, есць простую страву,
Муляроў ды шкляроў падымае на справу,
Намагае і сам, хоць не здатны да працы, —
Хоча скончыць хутчэй, школе час адкрывацца.
IV
дзень за днём прамільгнуў, вось і школа гатова.
Ксёндз святою вадой акрапіў пабудову.
Пазганялі хлапцоў, і бацькі з імі разам
Сталі слухаць ксяндзову прыгожую казань:
Аб тым золку, што некалі свету засвеціць,
Аб святым, у якога вучыліся дзеці.
Мала цямяць сяляне ў тым слове паважным,
Але бабы аж плачуць, так хораша кажа!
А канец ужо кожны так-сяк расшалопаў:
«Хай жа Бог памагае! Вучыцеся, хлопцы!»
V
От і школа!.. А дзіўна, нібыта ў мястэчку!
Звоніць з ганка званочак, склікае малечу,
Раздалі ўжо хлапцам алаўкі і паперы,
А што з гэтага будзе? Хрыстос міласэрны!
Ягамосць той, што з горада, вельмі сурова
Мыцца ім загадаў і расчэсваць галовы.
Мусіць, свету канец! Пашалелі, дый годзе!
добра, што з катэхізісам ксёндз у прыходзе.
У таго ж ягамосця ўсё змены ды змены:
дзеці пішуць, крычаць, аж калоцяцца сцены,
Школа, быццам кірмаш на раз’ездзе, у часе,
Калі людзі пад чаркаю па амбарасе.
VI
З гэткіх свету паслуг і пачата дарога
Тысяча восемсот шэсцьдзясят другога.
Моцны творца! Куды на жыццёвае поле
Ты штурхнеш яго долю?..
VII
Вясковы хлопчык бяжыць са школы.
Пад густ навука, таму вясёлы.
Меў за стараннасць, відаць, ухвалу, —
Глядзіць ён важна, крыху зухвала,
А думкі смела шукаюць тропу:
Казаў плябан ім: «Вы дзеці хлопаў,
Але праз кнігі з вас можа кожны
Стаць вельмі моцным або вяльможным».
Калі то праўда, моцны Езусе,
да кніг тады я так прыгарнуся,
I днём і ноччу аж да світання,
Пакуль не ўцямлю ўсяго ў чытанні,
I двойчы два падлічу адразу,
I словы ёмка складацьму ў сказы.
Калі я моцна так зажадаю,
дык і магутнасць, пэўна, прыдбаю.
А чым жа стаць мне на свеце Божым?
Застацца хлопам ужо няможна, —
Пайшла б намарна уся навука…
Зноў, як на бацьку, ўпадзе прынука:
Ганяць на пасту, нага ды боса,
Хадзіць за сошкай з праклёнам лёсу.
Як горкі старац, жыць аб скарынцы,
Перад пагардай дурняў скарыцца,
Ці ж варта біцца?..
VIII
Хіба я зломак?
Магу застацца за аканома.
Пачну людзей біць… Не, гэта брыдка, —
За брата буду ім, занядбаным,
Як у Пісанні надрукавана.
Пачну старацца ім піва, мёду,
Як на жніве ў нас пяюць заўсёды.
Вусы, як венікі, адгадую,
Шапку сабе з кутасом куплю я
I табакерку са срэбнай цыны!
Коней чацвёра ўпрагу ў драбіны,
Пасля жанюся, як жа без жонкі!
ды каб насіла сукню ў фальбонкі,
Тонкі каптурык з карункаў белых,
Бэсцячы мужа дзянёчак цэлы!
Пан будзе лаяць, жонка сварыцца,
На аднаго занадта як быццам.
Не, з аканомствам не трэба знацца,
Буду шукаць сабе іншай працы.
IX
Я маляваў бы, як той пан Юрый,
Што для касцёла рабіў фігуры
Жаўнераў грозных: стаяць з мячамі
Пры Божым целе, стрыгуць вусамі.
У іх дзівосныя апранахі —
Ці то з дзяругі, ці проста з бляхі,
Затое пёры на іх галовах —
То два блакітных, то два ружовых!
Але за сэрцы вельмі благія
Мастак зрабіў ім ногі крывыя.
Здзекі чынілі з цябе, Езусе!
Няхай стаяць аднанож, як бусел.
Так ім і трэба!.. Буду мастачыць
I пакажу ўсім, што гэта значыць.
Пэндзляў куплю я, фарбаў мянёных —
Белых, блакітных, жоўтых, чырвоных —
I намалюю вёсачку нашу —
З хатаю, грэбляй, рэчкаю з пашай.
Будзе касцёл там, будуць магілы,
I арганіста дамок пахілы,
I галубоў чарада над вежай.
дыхне бярозка ў паветры свежым,
I расшчабечацца ручаіна,
А на пагорку ўздыхне хваіна.
З карціны будуць чутны заплачкі,
Смутныя песні старой жабрачкі,
Брэшуць сабакі, сварацца бабы,
Стогне дзядуля, на ногі слабы.
А над усім узыходзіць ранак,
I ў небе постаць святое Панны,
Яна на ўлонні трымае сына,
Прасцёршы рукі к нашым хацінам,
Благаслаўляючы вёску нашу,
Касцёл драўляны, што точыць шашаль,
I школу нашу, і наша жыта,
I луг у красках, расою ўмыты.
I чалавека благаслаўляе:
Ці то ён зблізку, ці то здаля ён.
Х
Бо там за ўзгоркам уздоўж паляны,
Сцяжкі падняўшы, ляцяць уланы.
Божа, мой Божа! Што за каніскі!
Як чмыхне, з храпы шугаюць іскры.
Стану я зухам! дам сабе волю,
А мастаком ужо быць даволі!
Як будзе вёска намалявана,
Я — на каня і гайда ва уланы.
Буду фарсіць залатым убраннем,
Золата, праўда, не варт старання.
Вус будзе доўгі, ды што мне вусы!
Слава салдата — мая спакуса!
Калі ён з крыжам вернецца ў хату,
Ой, будзе ўцешна сям’і салдата!
Бацька слязіну змахне, а маці
Прамовіць: «Сынку, маё багацце!»
Суседзяў скліча і стол накрые,
Мяне абдымуць дзяды старыя.
За гэты момант жыцця не шкода!..
А калі з муштрай будзе нязгода,
Ці ў бойцы шабляй плячук скалечаць,
Ці нават голаў праб’юць карцеччу,
Ці сама горай — злітуйся, Божа! —
Раптоўны страх мяне пераможа,
Пагоніць з бою куды пад вугал,
А людзі крыкнуць: «Уцёк, падлюга!» —
То ж для бацькоў, як жвір на павекі,
I для салдата ганьба навекі.
Не, хоць са славай знаюцца ўланы,
Хоць залатыя на іх жупаны,
Бляск гэты здрадны звядзе з дарогі,
Калі разважыць не маеш змогі.
XI
А як разважыш? Не ў маім веку, —
Мне трэба пільна стаць чалавекам!
А гэта цяжка… Цяжка уланам…
Куды ж падацца? Зраблюся панам.
Збяру я хлопаў тае ж хвіліны,
Каб на палац накапалі гліны,
Але скасую зусім шарваркі1
I ўсім гарэлкі па дзве дам чаркі.
Як архітэктар прыедзе ўлеглы,
дык загадае прывезці цэглы
I пабудуе палац высокі.
Ён будзе вежай страшыць аблокі,
Нібыта пудзіла, што заўсёды
Ад птушак ставяць на агароды.
Як малацілі ў двары мы жыта,
Прынёс я маці абед нясыты,
Як зараз помню, пасілак скнары:
Нішчымны крупнік і бульбін пара.
Пан за работай сачыў здалёку,
Я пану нечым успаў на вока:
За рукі ўзяўшы, мяне папесціў
I да палаца сказаў прывесці.
Вось там раскоша, мяккія лавы!
Блішчыць на кожнай тыфтык яскравы!
А люстры, люстры! Яны ўсё двояць,
Нібыта дражнішся сам з сабою.
Карціна ў раме аж ломіць мур там:
Панны ў купальні плешчуцца гуртам.
Якія вокны! Што за падлога!
Багацце, пыха — на літасць Бога!
I я ўладкую ўсё гэтак добра,
I служкі будуць, і грошай торба.
Прыдбаю коней, брычкі на шынах
I люльку доўгую, як галіна.
А размаўляць пачну па-еўропску,
А не па-польску і не па-хлопску!
Віно, што ў корак б’е утрапёна,
Закусваць буду гурком салёным.
А прыйдзе маці ў адзенні зрэбным
I будзе плакаць, што год няхлебны,
Ці меншы брат заступіць дарогу:
«Прашу, паночак, дай дапамогу!» —
У чырвань кінуць мяне іх твары,
Скажу, каб слугі прагналі ў карак.
XII
Ой, што вярзецца! дай сілы, неба,
Мне абагнацца ад дум ганебных.
Браточак, маці… Чаго ж я варты, —
Як нелюдзь, думаў аб вас з пагардай…
Кленчу, да ног вашых прыпадаю,
Хай заўтра ксёндз мяне спавядае;
А вашу крыўду — мой грэх страшэнны
Слязой крывавай сплачу сумленна.
Хай аднагодкі мае за правіны
Гразёй абліюць мяне з каляіны.
Благі занятак быць гордым панам:
Як бач паддаўся думкам паганым.
Не буду хціўцам, каб за багацце
У пекле Лазара не спяваць мне.
А з тым набыткам, што ўзяў з навукі,
Братам-вяскоўцам пацісну рукі.
Панакупляю лемантароў ім,
Хай вучаць літары на здароўе!
Настаўнік скажа, міргне павекам:
«Ты, хлопча, вырасцеш чалавекам!
Ідзі выцягвай у людзі вёскі,
Як след на ніве ары бацькоўскай!
Хоць і разумны, а з сівай маткай
Рыдлёўкай дбайна ускопвай градкі,
I з буракамі пасей ты жменю
Зярнятаў сонца, яго праменне.
А з ласкі Божай той плён не згіне.
Благаслаўляю цябе, мой сыне!»
Лячу я ўподскак, от рады будуць:
Насенне сонца нясу я люду.
Вясной тым зернем засею нівы —
Пан Бог не Рымша — будзе руплівы:
дождж дасць без граду, цёплыя росы, —
Вырасце колас аж пад нябёсы.
Запалавее жытняе поле,
Накорміць хлебам людзей уволю!
Людзі збяруцца «дзякуй» сказаць мне,
Ціха заплачуць бацька і маці;
Перламі слёзы ў сэрцы зальсняцца.
Вось мая кніжка… Вось мая праца.
Кім ты маніўся стаць, чалавеча? —
Панам, уланам, яшчэ там нечым;
Каб нават біўся ў мур галавою,
Век застанешся самім сабою.
1862, Барэйкаўшчына
