автордың кітабын онлайн тегін оқу Добрыя весці
Уладзiслаў Сыракомля
ДОБРЫЯ ВЕСЦІ
Заходзіць сонца пагоднага лета,
Веіць вецер з заходніх нябёс.
Здароў будзь, вецер з далёкага света:
добрыя ж весці да нас ты прынёс!
Здаровыя ж будзьце, эй, добрыя весці!
Там, на заходзе, праліваюць кроў,
Б’юцца для славы, свабоды і чэсці
I робяць вольных людзей з мужыкоў.
Гудзяць вясёла і песні, і танцы
У добрым жніве на шчаслівы год.
Годзе вам, годзе, царыкі-паганцы,
Таптаць з балотам хрышчоны народ!
Годзе ж вам, годзе ў яснай карэце,
Годзе, чыноўнікі, ездзіць у двор,
Годзе вам, годзе, мужыцкія дзеці,
З хаткі астаткі даваць на пабор.
I панская дзецка, і хамская юха
З аднэй кватэркі папіяюць мёд:
I прысягнулі навек, да абуха,
Быць сабе вольны і роўны народ.
Мужык і шляхціч засядзе на лаве,
Каб весці раду а сваей зямлі,
Як трэба думаць а грамадскай справе,
На адно месца, як браты, прыйшлі,
— А як урадзім вайну на грамадзе
— Бараніць дзеткі, і зямлю, і дом,
Мужык і шляхціч на каня усядзе
Касіць касою, рубаць тапаром!
Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа
За нашу крыўду, за горкі наш жаль.
Запяём песню: «Хваліць цябе, Божа!»
Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль.
Зямля ты наша, зямля ты святая,
Радзі нам збожжа ды судзі пажаць,
— Не прыйдзе вораг з маскоўскага краю
На магазын наша зерне браць!
Ручыць рукою худоба ў хаце.
Паны мужыцкіх слёз не забяруць,
— Мужык і шляхціч стаў запанебраце,
Рукі за рукі і грудзь за грудзь.
Пяром на карце, сахой на ніве
Адзін другому роўнасць засцярог.
Эй, у свабодзе зажывём шчасліве,
Мы будзем дзеткі, а наш бацька — Бог!
1848, 1861
