Хадыка
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Хадыка

Уладзiслаў Сыракомля


Хадыка

Хадыка

Гутарка з палескай мінуўшчыны

I

Зайгралі трубы, і пад замак слуцкі

За хмарай хмара сунецца народу.

Над мужыком і шляхтай суд па-людску

Там правіць дзедзіч, слуцкі ваявода.

I ён, паводле княжых паўнамоцтваў,

Узброены і літасцю, і мечам,

Тых пакарае, тых ушчуне моцна,

А калі трэба, вызваліць бясспрэчна.

I ад гасцей, з раскошай і убоствам,

Надзейна князя адлучаюць краты,

Крыж на стале, ў багатых лаўках Статут,

А поруч пісар з панам падстаростам.

Шум у судзе.

I вось праз куламесу,

Праз гурт людзей, не слухаючы варты,

Абдзёрты старац ціснецца упарта,

З дубовым кіем, як разбойнік з лесу.

Страх паглядзець, іскрацца дзіка вочы,

Хаваюць бровы зірк яго трывожны,

Павісла белае валоссе клоччам,

Касцісты твар, пагорбленыя плечы.

Ступіў за краты, як сляпы, старэча,

Задыхаўся, і ўпаў, і гаварыць не можа.

Князь адступіўся, пісар забаяўся,

дзед закрычаў на страх усёй дружыне,

Пан падстароста за палаш узяўся

I пацеры гаворыць на лаціне.

А старац скурчаны ляжыць у брудзе,

То шэпча штосьці, а то енчыць глуха

I дыхае — хрыпяць натужна грудзі, —

Нібы на слова набірае духу.

Аддыхаўся, спачыў. Без перашкоды

Загаварыў, а сілы не хапае.

Паўзе да ног ён князя ваяводы

I, плачучы, расказваць пачынае.



ІІ

«Не бойся, добры найяснейшы княжа!

З тваёй я вёскі, бліжняй, небагатай.

Забойца я, згубіў душу, пракляты,

Чакае ўжо мяне сякера ката,

Пакуль прысуд — сумленне хоць разважу.

О, цяжка мне! Як цяжка, каб вы зналі,

Чуць на руках расу крыві нявіннай.

Так гэта мучыць, так дратуе, паліць,

Нібыта прыску ўсыпаў хто ў грудзіну.

Ад той пары мінае год трыццаты,

Але не знае даўнасці сумленне,

Каб толькі сэрцу мець ад мук збавенне,

А галава хай будзе і адцята,

Сякераю адлучана ад шыі,

Хай не гарыць ад горкіх дум пажарам,

Хай кроў мая нявінную кроў змые.

Закуй у кайданы, пашлі мяне на кару,

Сумленне толькі вызваль з цяжкіх путаў,

Бо гэтак цяжка, дай ратунку, Божа!» —

«А хто ж ты ёсць?» —

«Завуць мяне Хадыка,

З Палесся родам, там у вёсцы, можа,

I помніць хто мяне з дзядоў магутных,

Хоць і даўно я ў пушчы асцярожна

Жыву, як звер, са зверыною дзікай,

Але даўгая памяць аб злачынцы!

I даўнія прыгадваюцца леты,

Суседзі часам баюць на гасцінцы

Аб тым Хадыку, звёў які са свету душу людскую». —

«Што цябе штурхнула

На троп забойчы?» —

«Ой ты, княжа ясны!

Няміла мне прыгадваць час мінулы,

Бо згадкі блытае выпадак той няшчасны.

З тае пары, калі сышоў я ў пушчу,

Нікому не казаў пра таямніцу,

А сёння, як на споведзі ў капліцы,

Усё з-пад сэрца буду я вылушчваць.

дык слухайце, бо гавару я шчыра,

Пасля зрабіце ўсё належным чынам,

Пішыце, суддзі, мне смяротны вырак,

Хай здзейсніцца над галавой злачыннай.



ІІІ

Я асочваў звяроў, меў у лесе хаціну.

Люстравала азерца пахілую стрэшку.

Божа мілы, як хочацца позіркам кінуць:

Ці ліпіць яна там, ці згніла ўжо дарэшты?

Ці хто іншы жыве?

Я, забойца няшчасны,

Абмінаю свой кут — людзі згледзяць, асочаць.

А жылі ж там і жонка, і бацька… дачасна

Нехта ўссыпаў ім жвіру цяжкога на вочы.

дзе магілы? Напэўна, і знаку няма іх.

Трыццаць год! Цэлы век для дзядка і жанчыны.

Мне здаецца ўсё: возера зоркі зыбае,

Лесу цёмны гушчар у мяне прад вачыма.

Быў мой голас вядомы звярам і суседзям,

Там калісьці вадзіў я паноў на аблаву,

Там ці раз барукаўся крыж-накрыж з мядзведзем,

Гнаў дзікоў і ласёў па сцяжынах крывавых.

Сам быў дуж, як мядзведзь, а спрыцён, як падлетак,

I ахвоч паляваць, хоць удзень, хоць уцёмнач…

Божа мілы, чаму не зрабіў тады гэтак,

Каб у лес не пайшоў, а ляжаў непрытомны.



IV

А было гэта ўзімку, парою марознай…

Атрымаў я загад, лоўчы ў двор мяне кліча.

(драбнаваты панок, а ў рамёнах шырозны,

Спрытны быў ён да зброі, а болей да біча.)

Вось зазваў ён і кажа: «Хавай цябе Божа

Праз якую няўпраўку сапсуць паляванне:

На аблаву прыбудзе Сапега вяльможны,

Гэта гетман літоўскі, не жарты, васпане!

Ці ў абходзе сваім бачыў звера буйнога?» —

«Ёсць, панок, гадунцы,

два мядзведзікі гладкіх». —

«Вось да той серады нарыхтоўвай аблогу,

Асачыць, абкружыць і паставіць палаткі.

Бо прыедзе сам гетман! Будзь пільны і жвавы,

Каб пад кулю яму зверына выбягала,

Я прыеду пасля, узначалю аблаву,

А пакуль што кіруй, будзь начальнікам сталым.

Маеш тынф на гарэлку, зрабі мне ўсё хвацка,

Бо іначай, Хадыка, — руку маю знаеш! —

Жартаваць я не ўмею з нагайкай казацкай:

дзвесце — хоць бы сам чорт ратаваў —

атрымаеш!»

(Жонку меў маладую, баяўся пан лоўчы,

Не заходзіў у лес, каб не стрэцца з звярамі.)

Выйшаў я, грошы звоняць… Гульнуць бы нам, хлопча!

Як на споведзі, шчыра кажу перад вамі.

Тры дні піў я гарэлку, а ў дзень наказаны

Спадзяваўся — усё ж асачу-такі недзе,

ды мядзведзь зразумеў, што асочнік-то п’яны,

З пушчы ціха сышоў, даганяйце мядзведзя!

Я маўчу, аж у сераду — моцны мой Божа! —

На аблаву здалёку пан едзе за панам,

I нарэшце з сынамі той гетман вяльможны…

Тлумна, хораша, гучна… дамок мой драўляны

Зазіхцеў, як палац, — ліхтары на варотах,

двор які! Колькі служак наўкол мітусіцца!

Псярня — цуд, любата! Срэбра скрозь, пазалота, —

Так і ў казцы не зманіш і ў сне не сасніцца.

Выязджаем у пушчу. Што будзе, не знаю,

Але ўпрогся ў хамут, дык цягні даастатку.

Трубіць гучна аблава, страляе, гукае,

А мядзведзя няма. Панства мерзне ў палатках.

Вось і сонца зайшло, змрок спускаецца шэры,

Гетман страціў цярплівасць

і словам адборным

Злаяў лоўчага моцна, пасля па вячэры

Рушыў з лесу, і следам паехала дворня.

Тут пан лоўчы спагнаў сваю злосць у ахвоту:

Падхапілі мяне, прывязалі да дрэва,

Лупцавалі гарапнікам з тоўстага дроту,

Падплываў я крывёю ад панскага гневу.

Марна бацька да ног прыпадае з адчаем,

Плача жонка, а скаргі, працятыя болем,

Ловіць рэха лясное і скрозь паўтарае, —

Лоўчы быццам аглух, злосны быў як ніколі.



V

Моцна збіўшы, мяне скуралупы пусцілі…

Сам не свой… А шайтан спакушае над вухам.

Меў за дзягай тапор і, хоць вельмі знясілеў,

Засвяціў між вачэй таму пану абухам.

Павярнуўшы лязом, цяў у грудзі таксама…

Кроў мне пырснула ў вочы, адзежу змачыла.

Ці ты бачыш, мой княжа, нязмытыя плямы?

Гэта свежая памяць аб даўнім злачыну.

Ператлела сярмяжка, хоць мыецца рэдка,

Паліняла яна ад нягоды, ад поту,

А нявінная кроў не сыходзіць, як сведка,

Выкрывае, таўруе злачынства згрызотай.

«Уцякай!» — мне шапнулі. Бяда, чалавеча, —

Падступаюць стральцы… З тапаром у далоні

Кулем кінуўся ў пушчу і знік у гушчары.

Го! Асочніка ў лесе не кожны дагоніць.

Як па гладкай дарозе, бег лесам уночы,

Ад людзей так зашыўся — ні следу, ні знаку!

Трыццаць год не дазнаўся ніводзін сабака,

Сёння ж сам я з’явіўся на вашыя вочы.


Глупства суд чалавечы! У сэрцы глыбока —

Горшы суд… Там сумленне адно валадарыць,

Зуб за зуб патрабуе і вока за вока…

дык нясіце ланцуг, я гатовы да кары.

А пакуль што дарадзьце, шаноўныя суддзі, —

Цёмны я, невучоны, пачаў спадзявацца:

Час злачынства астудзіць, забудуцца людзі,

I віну акуплю я пакутай і працай.

Я пакутаваў гэтак, як дух той маркотны,

Што ў вярбіне сухой скаргі ўзносіць да неба:

Працаваў са слязамі, еў з хлебам гаркоту,

дзе там хлеб? Што я даў бы за скібачку хлеба!

О, што значыць скарынка ў радзімым куточку!

Хата! Цёплы спакой! I праснак на вячэру!

Каб не хлеб, чалавек бы забыў, што не звер ён…

Але слухайце ўсё ад пачатку, паночкі!



VI

Праз гушчар прадзіраўся, ўцякаў ад пагоні.

Ці ў галлё зледзянелае вецер зазвоніць,

Ці зарыпае снег, ці на штосьці наскочу,

Ці на дубе крыламі сава залапоча, —

Скрозь здаецца пагоня. Няма мне збавення,

У сабе нёс пагоню, бо гнала сумленне.

Гналі думкі мяне з нейкім страхам звярыным.

Вецер след замятае, шалее ў ялінах.

Быў я цёпла адзеты, ды ў гэткай завеі

Адубеў я, азглеў, толькі думка не зглее.

Хоць гуло ў галаве, сэрца рвалася з болю,

Кроў гарачую сівер астуджваў паволі.

Азірнуўся навокал, успомніў аб стрэшцы, —

ды ці раз мы ў бары начавалі, нарэшце!

Пазіраю, трывожныя думкі сцішаю:

Што ж, сякеру я маю і крэсіва маю,

Стрэльба ёсць за плячыма, мяшэчак барсучы,

Колькі дзён мне бяда і нуда не дакучаць,

Перабуду дзён колькі! А потым? Езусе!

Паміраць давядзецца мне з голаду, мусіць…

Поруч цёмная елка з чупрынай густою

да зямлі апусціла галлё снегавое.

Хата будзе на ноч! Але што мне з хаціны,

Не засну, — вырываецца сэрца з грудзіны, —

Можа, трохі спачну. Разглядаюся зблізку,

А тут раптам з-пад ног як шугне медзвядзіска,

Як раўне — і наўцёкі. Правёў я вачамі, —

Эх, шкада, што пан гетман паехаў з сынамі!

Эх, шкада, што пан лоўчы не ўбачыў бярлога!

Чорным шнурам бяжыць недзе кроў з нежывога,

А няшчасная жонка яго маладая

Аж зубамі скрыгоча, галосіць з адчаю

I хінецца да мужа, цалуючы вусны…

Муж… Халодны, як камень, а белы, як хуста.

Ён шчаслівы, хоць рана пабраўся са смерцю, —

Кроў ад холаду згусла, не смаліць пад сэрцам,

А ў мяне там пажар над пажарамі ўсімі!

А мой бацька! А жонка? Што станецца з імі?

Так цалюткую ноч заліваўся я потам,

думкі з пошчакам білі, тлумілі згрызоты.

Вось займаецца ранак, залоціцца золак,

Але ім не прагнаць маіх дум невясёлых.

Я падняўся, пабег, пакуль вока сягала,

У дрымотным гушчарніку пушча схавала.

Ад людзей-то затоішся ў нетры глыбока,

А ў сумлення ўсё роўна ты навідавоку, —

Не схавацца нідзе!

Па гушчарах сасновых

Праблукаў, быццам прывід, да ночак вясновых.

Пройме холад — дзе-небудзь прысяду ў зацішку,

Накладу аганьку, абагрэюся крышку,

А як голад прыцісне, набой падрыхтую,

Куляй звера здабуду ці птушку якую.

Скончан порах… Карою жывіўся я нашча,

Часам зайчыка вырву з ваўчынае пашчы,

Ці дастану саву з дуплянастае хвоі,

Ці вавёркаю голад крыху заспакою.

А бывае… дзён колькі не трапіць нічога.

Чорт рагоча:

«Хадыка, выходзь на дарогу,

Там па бітым гасцінцы ідуць караваны,

Грошы ёсць у купца і ў вяльможнага пана.

Скочыш ты на пярэсмык і мецьмеш вячэру,

Калі некаму ў твар пасміхнецца сякера.

Лусту хлеба здабудзеш, кусай прагавіта,

Свежы хлеб — асалода! У хаце нібыта.

А не хочаш, нараю збавенне ад скрухі,

Не пакутуй, звярніся да ўласнай папругі,

ды гапельку зрабі, ды адважся — хвіліна!

Падшукаю табе, калі хочаш, асіну».

…Так да самай вясны пад нябеснаю столлю

Голад, холад, сумленне і чорта адольваў.

VII

Вясной дыхнула, пацяплела ў пушчы,

З гор у даліны ручаі спяшаюць,

Шарон і лёд на полі шумна трушчаць, —

Нібыта мора стала на імшары.

Мне толькі не палепшала, васпане,

Мардуе роспач, голад цела сушыць,

А радасць зрэдку, як з-за хмары, гляне,

Суцішыць сэрца, утаймуе душу.

Прачнуся часам, а паблізу рочаць,

Вада плюскоча, зяблікі цвіркочуць.

Пасля раптоўна я свядомасць трачу,

Ад думак глухну, свету зноў не бачу.

Увечары, калі аціхне вецер,

Пастаўлю ў чаратах лазовы венцер

I, слухаючы цішыню лясную,

Усплёскі рыбы, гоман хвалі весняй,

Я не зважаў, што, можа, хто пачуе, —

Гарлаў уголас роднай вёскі песні.

дасюль, бывала, як пачне змяркацца,

Я не знаходзіў смеласці і сілы

Ні памаліцца, ні перажагнацца,

Ні проста зірк падняць да небасхілу.

…Не зразумець, паны, вам, як забойца

Маліцца можа, калі цісне скруха,

Хоць чорт шапоча: «Што святая Тройца!

Не паніжайся прад вышэйшым духам.

Патрэбна горда ставіцца да Бога,

Калі няма надзеі на збавенне, —

Пачнеш малітву быццам па налогах,

А скончыш плачам, от і ўсё маленне».

Вось як было са мною…

А наўкола

Лес акрываўся кволаю лістотай,

З нябёс жаўрук зашчабятаў вясёлы

I абазваўся цецер за балотам.

Салоўка заспяваў, тады з-пад гліцы

Зірнуў грыбок і першыя суніцы.

Благі наедак, хоць збіраць іх блізка,

ды чалавеку мяса дай, як зверу.

Не раз я за спажывай, бы ваўчыска,

Гайсаў па пушчы, зубы хціва шчэрыў.

Злавіць што-небудзь цяжка чалавеку —

Ні кіпцюроў, ні крыл няма арловых.

Калі здабычу знюхаеш здалёку,

Чакай, таіся з хітрасцю катовай!

Хіба сіло стрымае лёт птушыны,

Ці тапаром раскрою лоб ваўчыны,

Тады — банкет!

Свяжую і спяваю,

З лаўжоў агонь вялікі раскладаю,

Як на бяседу, мяса смажу смачна,

Яснейшых думак ладжу карагоды.

ды рэдка-рэдка паляваў удачна,

Часцей галадаваў, а ў скрусе жыў заўсёды.



VIII

Лета. Самы прыпар, ні хмурынкі ў нябёсах,

Не магу я дыхнуць, даастатку знябыты.

Так мяркую, што быў гэта час сенакосу, —

Авадні і сляпні пацішэлі нібыта.

Мусіць, поблізу недзе блукаў ля балота,

А гавораць, што д’ябал у багне вядзецца.

Ціснуць думкі чало, паляць сэрца згрызоты,

думаў крыжам прагнаць іх, але не ўдаецца.

Падупаў я душой, галадоўля ды скруха, —

Тапара не трымаюць аслабшыя рукі.

А нячысцік з балота: «Вось бачыш, не слухаў,

А ўжо зараз, дурніца, не ведаў бы мукі.

Як ні кінь, ад людзей не схаваеш злачыну,

Не ўсё роўна вісець: ці на плошчы,

ці ў лесе?

Калі шыбельня дурню мілей за асіну,

дык чакай, калі ласка, хай каты павесяць». —

«Не, — кажу, — нацярпеўся і болей не буду.

Пашукаю галіны, каб цела ўтрымала».

Вочы ўгору падняў: а там звону, а гуду!

Рой лятае, і пчолка цяла мяне джалам.

Ладны рой! Памаленьку на дрэва сядае…

Кроў палеская ў жылах азвалася зноўку:

Не! Я думаць аб смерці пакуль пачакаю,

Пчол спярша абяру і зраблю ім дамоўку.

Пчолы — гэта набытак і скарб, ягамосці,

Так заўсёды лічылі палескія людзі,

I мой бацька, і дзед мой…

I я з маладосці добра знаўся на пчолах…

Эх, пасека будзе!

От з вялікім імпэтам узяўся за справу:

Рой у шапку сабраць — быццам вымавіць слова,

У хваіне дуплянку я выдзеўбаў жвава —

Хай пацешацца пчолкі сядзібаю новай.

Так цалюткі дзянёк завіхаўся, вясёлы,

А пад вечар да смерці ахвота мінула, —

Заўтра мушу глядзець, як аселіся пчолы,

I другая турбота мяне агарнула.

Стаў крыху меркаваць: пастараўшыся вельмі,

Больш раёў налаўлю, а вазьмуся цярпліва,

дык і ў горкай нядолі наладзіцца пчэльнік,

Гаспадарка ў бары — гэта ж дзіўнае дзіва.

Не для ўласных патрэб, не на продаж у месце,

Хіба можна мне з мёдам туды патыкацца,

А для працы, карысці… ды так сабе, ўрэшце,

для людзей, бо на іх жа трымаецца праца.

Што я варты без працы?

Бадзяцца павінен, Загніваецца сэрца ад думак паганых.

Крыж пастаўлю над багнай пры шумнай асіне,

Будзе Богу пашана і піка шайтану.

А калі ў галадоўлі і сцюжах загіну,

Нехта, косці знайшоўшы, заплача выпадкам,

Не канечне заплача, бо спадкі пакіну,

Цэлы пчэльнік… Бяры на здароўечка, братка.



IX

А пушча ў нас — там свет канчаўся недзе.

Вячыстая, высозная, густая,

За тры гады на конях не аб’едзеш,

А заблудзіцца — хай пан Бог хавае!

дамоў не трапіш, людзі не пачуюць,

I пошчаку ў адказ не прычакаеш.

Усё жыццё, напэўна, тут звякую,

Ніхто не знойдзе, нават з ганчакамі.

Як вокам кінуць, сцелюцца шырока

Глухія багны, грузкія нізіны,

З алешніку малая ручаіна

Ледзь-ледзь булькоча, ціснецца па кроку,

Ніхто не абзавецца і не крыкне,

Хіба гадзюка ў мокрых травах сыкне

Або на вадапоі, ля крыніцы,

Раўне мядзведзь і прамільгне лісіца,

I зноўку ціха… Толькі лёгкі вецер

Шуміць таемна у спрадвечным вецці.

А як жа шмат на баравых палянах

Пахучых зёлак і раслін мядзвяных.

I процьму пчол хавае сівы ельнік,

Без догляду раяцца, проста ў дуплах,

Каб іх паболей абабраць у пчэльнік,

За хвойкай хвойку аглядаю рупна.

Пры першым вуллі — новыя дзяўбаю,

Раблю жытло нявольніцам крылатым

I, як пчала, пра свой прытулак дбаю —

У дубе на зіму майструю хату.

Паверце, ягамосці, што за працай

Лягчэй ад чорных думак абагнацца.

Тады няма згрызоты аніякай,

Калі ты ўсмак працуеш, чалавеча,

Тупой сякерай чэшаш паляняку

I раскладаеш вогнішча пад вечар.

…Прыйшла зіма. Куток мой небагаты

Сярод імшар красуе, як вяночак.

Злічыў раі, было ўжо іх дзясятак,

Работы ёсць ад раніцы да ночы.

Пачысціць трэба, паглядзець на месцы,

Ці добра ўхутаны мае калоды,

А можа, голадна якой сямейцы

Ці лазіў шчур паласавацца мёдам.

Заплачу часам… Каля кожнай маткі

Таўкуцца пчол вясёлыя грамадкі…

Успомню хату, жонку прыгадаю,

Старога бацьку, цэлы гурт вясковы.

«Як маемся? — здалёку прывітаю. —

Мае каханыя, ці жывы, ці здаровы?»

З якім бы шчасцем і з якою ўцехай

З людзьмі б я гаварыў і гаварыў без зморы!

А тут пачнеш — адно абудзіш рэха,

Гукнеш — аукнецца, само не загаворыць.

Хоць енч да слёз, хоць як працуй у поце,

Хоць тут прабудзь ад веку і да веку,

Не прыйдзе рэха памагчы ў рабоце,

Не скажа «памагай Бог» чалавеку.

ды што жадаць, як здзейсніць немагчыма?

Я плакаў доўга, а бяды не сходаў,

Пасля здзічэў у нетрах непраходных,

Нібыта вырас у нары ваўчынай.



Х

Трыццаць год я прабыў у маркотным закутку:

Гэта хутка падумаць і вымавіць хутка,

ды не хутка пражыць, бо душа чалавека

Моцна ў целе сядзіць і ў слабога калекі.

У пакуце, у голадзе, ў сцюжы, ў рабоце,

Калі ўсё памірала наўкол у самоце,

I дубы, што я ведаў з густой верхавінай,

Паўсыхалі, прапалі, а я ўсё не гінуў.

Многа хвоек за працай маёю сачыла,

Чэрві іх патачылі, гнілізна пабіла,

А чарвяк, што на труп мой нацэліўся ласа,

дачакацца не можа смачнога папасу.

да гарлянкі прысох мой язык анямелы.

Пашчарбіўся тапор, і сярмяга сатлела,

Што рабіць, я падумаў, магіла марудзіць,

Трэба жыць дзеля працы і мук на бязлюддзі.

Не пакіну цябе я, мой пчэльнік, самохаць

I сякеру напраўлю на камені трохі.

Вось хіба што крывавай адзежы зракуся —

Перазімую зіму ў мядзведжым кажусе.

Не шукаў іх, прыходзілі часта мядзведзі,

Самі перлі — хацелася борці падгледзець.

Я насустрач — дальбог! — заступаю дарогу,

Тапаром і даўбнёй супакою нябогу.

Іншай зброі не меў, ні кальчугі якое,

Пакалечыць зімою, а лета загоіць:

Траплю ў кіпці, ляжу, не аказваю духу,

Чэпне лапай мядзведзь,

будзе нюхаць і слухаць,

А прызнаўшы нябожчыкам, суне адгэтуль.

Адзічэлы мужык мудрэй за прайдзісвета.

ы навошта расказваць? Ніхто не паверыць.

Як злаўчыўся ашукваць я птушку і звера,

Як нахватваўся зблізку, падсочваў здалёку.

З норкі выманіць ліса, арла — з-пад аблокаў

I лася задушыць — ні да чога тут зброя,

Голад розуму наўчыць і сілу патроіць.

Кожны год, як нападае снежная крупка,

Я на дубе сваім высякаю зарубку,

Так гады адзначаю…

Хапала мне пекла,

Пакуль дваццаць зарубак сякера насекла.

Час мінае, і Бог памагае заўсёды,

Абіраю раі і стаўляю калоды,

Мае мілыя пчолкі руку маю знаюць,

Выйдзе рой і спакойна сядзібы чакае.

Маюць пэўнасць, не будзе ім кепска ніколі:

Пасаджу іх на дрэве ці нізка — на доле.

А як здарыцца часам няўпраўка з ядою —

Ад старых маладзейшаму рою адкрою.

Гэтак год за гадком…

Па зярняці, не шпарка

Убіралася ў сілу мая гаспадарка,

I гадоў цераз дваццаць яна акрыяла:

Тры капы маіх борцяў у лесе стаяла!



XI

…Гэтак старасць прыйшла, назаляе нядужасць,

Рукі, ногі дрыжаць, да работы не служаць,

I сякеры няма — не разжыцца ніколі! —

Чым ты звера паваліш, калоду расколеш?

Голад, холад, а тут медзвядзішча кудлаты,

Што служыў кажухом, разарваўся на шматы.

Як парадзіць? Залягу ў дубовай каморы,

Перацерплю да скону нястачу і гора.

Завалок свае косці у дуб спарахнелы,

Наваліліся жахі на душу і цела,

Абудзілася жальба па свеце, па людзях,

Паліць смага, і голад апоўначы будзіць.

…ды здаецца, што чорт выглядае з балота

I нібыта рагоча, якоча ў чаротах,

Страшыць даўняю кроўю, раз’юшана клепле:

«Як бы ты ні хрысціўся, сустрэнемся ў пекле».

досыць тут марнавацца, далей не ўтрываю,

Выйду з пушчы, хай ловяць, няхай асуджаюць,

От калі ўжо заціхну, пятлёй пакараны,

дык і Бога ўлагоджу, і ўлашчу шайтана.

Так разважыўшы, ўзяў я падраную світку,

Адвітаў свой закутак і пчол працавітых,

Са слязамі аб лесе, з праклёнамі долі

Я пайшоў выбірацца як-небудзь на поле.



XII

Блукаў я шмат… I вось аднойчы ранкам

Радзейшы лес пачаўся каля рэчкі,

Разлеглася пясчаная палянка,

А за пагоркам — вёска недалечка.

Ступіў на ўзгорак…

Як хадзіць па свеце,

А не ў бары са сцежкамі глухімі?

Баяўся, што мяне паваліць вецер,

Што сонца яснатою вочы выме.

У сінім небе прыпыніўся вокам,

Стаў да сялібы трохі прыглядацца.

Здаецца зрэнкам, быццам бы навокал

дубы і сосны скачуць, мітусяцца.

Зайшоў у вёску. Страх сціскае грудзі,

ды ў сэрцы неяк соладка і ўздымна:

Браты мае! О Божа! Тут жа людзі!

Усіх людзей схапіў бы я ў абдымкі.

ды толькі ўсе, хто стрэўся на дарозе,

Хто клікаў, плакаў, падзываў рукамі,

Усе як ёсць, блазнота і дарослы,

З жахлівым крыкам з вуліцы ўцякалі.

Ці твар, знябыты ў нэндзы, іх уразіў,

Ці нажахала постаць патарочы,

Ці, можа, кроў блішчала на сярмязе,

Ці чым забойцу выкрывалі вочы?

Было так горка — вымавіць няможна,

Мяне, як пошасць, абміналі людцы,

Здалёку тройчы перахрысціць кожны

I бегма ў хату, на замок замкнуцца.

З канца сяла стаяў дамок замшоны,

Пастукаў я, штось адказалі з хаты.

Успёршыся на кій свой сукаваты,

Я павітаў: «Хай будзе пахвалёны».

Няма адказу… Хлопчык баязліва

Падбег і хлеба кінуў мне акраец.

О княжа мой! Ніколі гэтак хціва

Ваўчыска на ягня не пазірае,

Не разрывае ненажэрнай пашчай

Свае ахвяры на вясковых межах,

Як я глядзеў і рваў той хлеб драпежна,

душу абнашчваў.


Я з вёскі у вёску сунуўся, мізэрны,

ўсе гадзіліся, як лясной брыдоты,

Але адзін знайшоўся міласэрны,

Спыніў, спытаў: «Адкуль ты, дзеду, хто ты?»

Зазваў на ноч, наліў гарачай стравы,

Падараваў старую апранаху

І гаварыў са мною так ласкава, —

Хай будзе шчасце над ягоным шляхам!

(Найлепшы дар, найлепшая уцеха,

Калі хто бедака абдарыць сэрцам!)

Ён расказаў, што ў места князь прыехаў,

Судзіць за ўчынкі — кожнаму па мерцы.

I я прыйшоў…

Як заслужыў злачынец,

Суровае мне вызнач пакаранне,

А я табе за гэта дам гасцінец:

Усе вуллі, іх тры капы, васпане!

Пчол гадаваў я ў нетры непралазнай,

На варце быў улетку і зімою.

Сам тое месца не знайду адразу,

ды ёсць прыкметы: возера малое,

Лес, нібы выспа, багнішча навокал,

Збуцвелы крыж, павалены на ўзбочча,

А спаміж выспы, над рачной затокай,

У спарахнелым дубе — мой дамочак.

дарункам гэтым не пагрэбуй, княжа,

Мяне ж, забойцу, пакарай на горла.

Сумлення мукі, пэўна, смерць развяжа,

Аціхне боль, не будзе сэрцу горка…»

XIII

Хадыка змоўк. Ні гуку, ані руху,

Глядзіць на дзеда грамада людская.

Князь да канца з увагаю даслухаў,

Нібы ўздыхнуў і вочы затуляе.

Нішто б натоўпу болей не здзівіла —

Бядой мужычай князь устурбаваны!

Калі ж бы так — слязою Радзівіла

Быць можа кожны статут скасаваны.

Князь пазваніў, падняўся наастатак,

I ўсіх падняў, і сцішыў голас медны.

«Панове! — возны абвясціў з-за кратаў. —

Solvitur sesja3 заўтра па абедні».



XIV

Не ведаю, які быў дзень той судны,

ды званары са Слуцка мне казалі,

Што ў кляштары памёр стары прыблудны,

Якога быццам бы Хадыкам звалі.

…А між бароў, сярод імшары дзікай,

дасюль вядзецца пасека лясная,

Багата дзіў аб ёй апавядаюць

I называюць гэтак жа — Хадыка.


1847