автордың кітабын онлайн тегін оқу Гадавы кругабег дзён на Літве
Уладзiслаў Сыракомля
Гадавы кругабег дзён на Літве
Гадавы кругабег дзён на Літве
мясапуст
І
За сцяною — чуеш, браце? —
Сівер ходзіць, свет халодзіць,
I на коміне ўжо ў хаце
Бог сам вугалем выводзіць:
«Студзень сцюжны — ля парога,
І ты — бедны ці багаты —
Падлічыць павінен строга
Года ўсе прыбыткі й страты
ды прыкінуць, ці гатовы
Перабыць як час зімовы».
Кожны збожжа з пуд спяшае
Збыць для гроша. У час ранні,
Час нямы рыпяць ратая
Па дарогах снежных сані.
Выясняюцца нябёсы,
Захад золатам палае,
I вось промень сонца косы
Прабіваецца з-за гаю,
Міг — і як не падзівіцца:
Снег брыльянтамі іскрыцца!
Глянь на хвою, на яліну —
З верху самага да нізу
Нібы хто на іх накінуў
Снегавую ў перлах рызу.
Бела ўсюды — пры дарозе
Толькі зрэдку зачарнее
Крыж, што стыне на марозе,
Хатка, крытая завеяй.
Нават сонца пабялела —
Пазірае ўніз нясмела,
дзе мароз на ўсёй прасторы
ўжо царуе ў нашым краі.
да касцей ён прабірае,
Каб трымаць нас у пакоры.
Толькі ў сэрцы чалавека
Кроў гарачая віруе,
I адольвае спрадвеку
Непагоду ён любую.
Беражы ж ад лютай веі
ў сэрцы ты парой любою
Той агонь жывы, што грэе,
Што завуць усе — Любоўю.
Ён, агонь сардэчны гэты,
З сонцам снег растопяць весні,
I ўвесь край, цяплом сагрэты,
З-пад акоў зімы ўваскрэсне.
ІІ
Вечар з снежных вей збірае
ў хату ўсю сям’ю ратая.
Той — стаяў на варце ў пана,
Той — вазіў у двор калоды,
Той — сек лёд на рэчцы зрана:
Кожны — глянь — сівабароды!
Кожны ж стыў — з-за хлеба куса —
На марозе злым дзень цэлы,
I, каб скінуць іней з вуса,
Не расшчэпіць рук скалелых.
ды ён рады, што дадому
ўсё ж патрапіў да начлегу,
З кажухом скідае стому,
Атрапаўшыся ад снегу.
На агні, што грае ў печы,
Рукі грэе, як вядзецца.
А як добра, як дарэчы
Верашчакаю пагрэцца!
Потым люба на гадзінку
I на попрадкі дапасці,
дзе дзяўчаткі пры камінку
Любяць кужаль тонкі прасці.
Не звядзеш з адной ты, пэўне,
Ясны зірк свой, поўны ласкі.
Там спяваюць, баюць казкі
Аб заклятай каралеўне.
Хоць не кожны дасць ім веры,
Слухаць казкі так цікава,
Што не еў бы і вячэры:
ўсё набок, любая страва!
Расчыняецца ў іх неба,
Бачыш зоры, бляск палацаў…
Толькі ж спаць лажыцца трэба:
Заўтра зноў чакае праца.
Месяц выглянуў з-за хмараў.
Бог спускае сон на хаты,
I людзей анёл крылаты
ўжо нясе ў краіну мараў.
ІІІ
Шляхта гойсала палямі
За казулямі, зайцамі.
А цяпер, у час зімовы,
Кожны дзень у звоне чарак
Толькі й чуеш, што пра ловы,
Пра хартоў ды пра аўчарак…
— О, мой пёс цаны не мае,
Ён ёсць гонар мой і слава.
Не знайсці у цэлым краі
Вам такога ваўкадава!
Ён ля Слуцкай гуты ў мосе
ўзяў мядзведзя, што льва, пане,
Як наладзіў быў увосень
Радзівіл там паляванне…
— А ў мяне ружжо затое —
Кожны скажа — залатое!
Вераб’ю з яго здалёку
Я не раз трапляў у вока…
— Пан, хлусі, ды не без меры.
— Праўда, праўда! Стрэл мой меткі.
Вы далі б адразу веры,
Каб жылі мае два сведкі…
IV
Гэтак студзень дні праводзіць —
Звычным торам, з даўняй верай.
Шляхта — глянеш — з стрэльбай ходзіць,
Люд — хто з цэпам, хто з сякерай.
Хоць мароз, ды сонца свеціць —
Ясната перад вачыма!
Толькі неба чорным меціць
Хмара броварнага дыму.
Ён штодня з сядзібаў панскіх
Будзе бухаць, як і бухаў.
У катлах часоў паганскіх
Вараць трунак злога духа.
Плён зямлі ў атрутным дыме
Валяць з іх — за грудай груду,
Каб зрабіць паўсюль пустымі
Мыслі люду, сэрцы люду.
Ад гарэльняў гэтых вочы
Лепш адводзь да ясных высяў,
Каб іх дым той не азмрочыў
I слязу з-пад век не высек.
Апусці свабодна лейцы —
Хай ляцяць, як хочуць, коні,
Хай цябе нясуць улегцы
Праз заснежаныя гоні!
V
«На Грамніцы — паўзіміцы,
На Мацея ж, на Мацея —
Знай — ужо зіма пацее,
Хоць пад лёдам шчэ крыніцы.
Час забаў, час карнавалаў!
Па снягах паны й падпанкі ў места,
ў места на гулянкі
З ціхіх вёсак валяць валам!
А ў цябе, васпан зухвалы,
Мо ратай сядзіць без хлеба?
дык табе на карнавалы
Ехаць, дружа мой, ці ж трэба?» —
Вось такія выстаўляе
Каляндар усім парады.
Толькі хто на іх зважае?
Кажа пан: «Я ж быць там рады.
Лепш мне слухаць арфы гранне
У тракціры ці ў цукерні,
Чымся стогны хлопскай чэрні:
«Хлеба, пане, солі, пане!»…
1857–1858, Вільня
