Паштальён
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Паштальён

Уладзiслаў Сыракомля


Паштальён

Паштальён


— Тут пяюць і гуляюць, адзін ты не п’ян,

А сумны, як вязень прыкуты.

Вазьмі сабе чарку, сядай на тапчан,

Скажы, што ў цябе за пакута?


Ні бомы, ні дудка, ні смех вечарын

Развеяць твой смутак не могуць,

два леты жывеш тут, а светлай пары

Ці меў ты часінку, нябога?


— Ой, горка і смутна мне ўсюды, браток,

Няміла на свеце, няміла!

дай чарку! Скажу, калі вып’ю глыток,

Як доля мяне падкасіла…


На пошту я трапіў зусім малады,

Фурман з мяне ўдаўся зухвалы,

А волі не меў, дый ганялі тады:

Хоць свята, хоць ноч — усё мала!


Ад рання да змроку, ад змроку да дня

Вазіў я паноў і пакеты;

Заробіш рубля — і пад карчму каня:

Гуляй, весяліся да свету!


Ашукваў дзяўчат, зневажаў дружбакоў,

Быў з пісарам запанібрата!

На коні як свісну — аж іскры з падкоў, —

I лейцамі сівых не кратаў.


На мосце зайграю ў вясёлы свой рог,

Кагось абганю ці спаткаю.

Вязу паніча ці паненку, дальбог,

два злотых як бач атрымаю.


ды сэрца аддаў я дзяўчыне-красе

З убогай вясковай хаціны.

дарогі туды кіраваліся ўсе, —

Пабыць з ёй хацеў хоць хвіліну.


Была нейк у пісара справа ўначы,

Паклікаў мяне да сябе ён.

Іду, сваю долю цішком кленучы,

А ў полі скуголіць завея.


«Вязі эстафету!» — «Ой, ліха звяло, —

Шапчу сабе, — ў полі ні тропу…»

А сам за пакет, за каня, за сядло!

Ганю каркаломным галопам.


Мяцеліца круціць, упыну няма,

Страшэннае скрозь бездарожжа,

Слупы верставыя мільгаюць старчма,

Пад’ехаў пад трэці — а божа!


Пачуўся мне плач, хоць віхура гула,

Хтось клікаў, прасіў дапамогі,

Падумаў я: «Згіне, сляпая імгла,

У снезе не знойдзе дарогі…»


Каня павярнуў, аж здалося, нібы

Хтось шэпча: «Куды ты, дзівача?

ды лепей у вёсцы той час перабыць, —

дзяўчыну сваю хоць пабачыш!»


Страх сэрца мне сціснуў, забіла духі,

Чало зледзянела ад поту;

Я ў рог затрубіў, каб не чуць, стаць глухім,

Пагнаў сівака праз сумёты.


Я еду дадому, за трое ганей

Вяртаецца страх непазбыты,

А сэрца ўсё шэпча крадком, як раней,

Бразджыць, як званочак разбіты.


Конь чмыхнуў пры слупе, спыніўся наўзбоч:

У снезе, пад плахтаю белай,

Жанчыну я згледзеў, яна ўжо за ноч,

Як дрэва, уся скасцянела.


Я снежную намець абтрос з яе шат

I труп падцягнуў да дарогі…

Абцёр ёй аблічча… Была гэта, брат… дай чарку…

Не маю больш змогі!


Май 1844, Залуча