автордың кітабын онлайн тегін оқу Год у песні
Уладзiслаў Сыракомля
Год у песні
Кантата да музыкі С. Манюшкі
ІНТРАДУКЦЫЯ
Хто любіць спёку ў пору санцагрэяў,
Хто любіць песню ў полі нашых жнеяў,
Хто рады хлебу новага ўраджаю,
Хто любіць шыр палёў, прастор без краю,
І птаства гімны у лісці дубровы,
I просты люд вясковы засцянковы —
Ідзі да нас,
Чало развесні,
Нам самы раз Спяваць тут песні,
Песні айчыннай асновы.
Успомнім мы і дзень сонцастаяння,
I косаў звон, і жыта красаванне,
I ў люстры возера ва ўсіх абрысах
Адбіты бор, і гром у дзень Барыса,
I з рогам галасістым нашы ловы,
I на дажынках скрыпак перазовы.
Ідзі ж да нас,
Чало развесні,
Нам самы раз Спяваць тут песні,
Песні айчыннай асновы.
Успомнім мы і снег той першы, чысты,
I за акном мяцеліц перасвісты,
Святыя вечары, калядаванне,
Вячорак весялосць, вясны гуканне,
I рэк разліў, і ясны дзень маёвы,
I над усім — званочак жаўруковы.
Ідзі ж да нас,
Чало развесні,
Нам самы раз Спяваць тут песні,
Песні айчыннай асновы.
Частка I
ЛЕТА
Р э ч ы т а т ы ў
Неба яснее на ўсходзе — світанне.
Вербы над рэчкай — у белым тумане.
Там салавей не змаўкае ў лістоце,
Голас свой драч падае на балоце.
Спіць яшчэ вёска — люд працавіты
Сіл набіраецца новых, знябыты.
А па-над вёскай анёлы лятаюць,
Богу за люд наш Асанну спяваюць.
Х о р а н ё л а ў
О Божа, Божа мілы,
Наш валадар святы!
Пад нашай ласкі крылы
Здаў сны людскія ты.
Аберагаць мы будзем
У хатах Божых слуг.
Няхай паспіцца людзям,
Пакуль браць серп і плуг.
Мы ноч снуём над імі —
Спакой і мір наўсцяж.
Тваё хай вечна імя
Свяціцца, Ойча наш.
Р э ч ы т а т ы ў
Ледзь заірдзелася на небасхіле,
Як у падворку, залопаўшы крыллем,
Голасна певень усім аб’яўляе,
Што ўжо хаду сваю дзень пачынае,
Што прачынацца пара. Дзед Васілі
У нецярпенні чакаў гэтай хвілі.
З ночы не спаў ён. Паціху на ганак
Выйшаў з гасподы ў золісты ранак.
Час на работу ўсім, толькі гаспода
Спіць, маладых жа будзіць яму шкода.
Сын яго Янка луг пляжыў касою,
Выйсці б туды яму сёння з расою,
Што не дабудзішся: спіць, як забіты.
Спіць, ну а ў сне бачыць тварык дзявочы,
Ганны суседавай сінія вочы.
Ці ж абрываць хлопца сны залатыя?
Мы ж гэтаксама былі маладыя.
Ды ўжо вунь трэція пеўні прапелі,
Нельга больш песціцца ў цёплай пасцелі,
Нельга нам траціць цяпер ані хвілі.
Стукае ў шыбу акна дзед Васілі.
В а с і л і
— Дзеці, пара ўжо ўставаць: на падворку
Светла зусім. Будзе цёпленькі дзень.
Божае сонейка вам з-за пагорку
Скора пашле прывітальны прамень.
Дык жа не спіце, расплюшчвайце вочы,
Р э ч ы т а т ы ў
Голас старога пачулі ў гасподзе,
Дружна ўсе ўсталі: вылежвацца годзе!
Нібы з калоды руплівыя пчолы,
З хаты ўсе сыплюць: смех, гоман вясёлы.
Хто не прачнуўся як след яшчэ з ночы,
Бегма да студні — працерці там вочы.
Той пракачаўся на лаве, ды сілы
Ранішні ветрык уліў яму ў жылы.
Мігам прачнулася й вёска. Гамонка
Чуецца ўсюды, разносіцца звонка.
Войт ад двара да двара, як зазвычай,
Ходзіць, на паншчыну голасна кліча.
Рушылі ўсе — хто з сярпом, хто з касою —
З хатак за вёску ідуць грамадою.
Янка пры Ганне. Гаворку заводзіць,
Ды каб сказаць ёй што, слоў не знаходзіць.
А калі выцісне слова якое,
Сам жа адчуе: не тое, не тое!
Ды воч іскрынкі, уздыхі цяжкія
Больш кажуць сэрцу, чым словы якія.
Каб не магла сэрцаў іх таямніца
Перад людзьмі выпадкова раскрыцца,
Янка паціху, спакойна, як можна,
Ганне казаць так усчаў асцярожна:
Я н к а
Ганна, дзень добры! Дарогі палова,
А твайго голасу ўсё не чуваць.
Досыць маўчаць нам. Скажы мне хоць слова.
Ці ты не маеш хоць што мне сказаць?
Г а н н а
Янка, дзень добры! Пад ветру павевы
Думкі ў сваёй галаве я сную.
Слухаю звонкага жаўранка спевы,
Ціха шапчу з ім малітву сваю.
Я н к а
Што гэты жаўранак! Вечна над збожжам
Звоніць, гамоніць пра нешта з сабой.
Лепш заспявай нам сама, мы ж — паможам,
Спеў твой мілейшы, чым птушкі любой.
Г а н н а
Ты не хвалі мяне: што твая ўхвала!
Сэрца нішто тут маё не кране.
Песні, што знала я, пазабывала,
Смутак нязбытны на сэрцы ў мяне.
Я н к а
Ведаю, ведаю, Ганна, чаму так
Ты затужыла. Каб быў тут другі,
Ты заспявала б, прапаў бы твой смутак,
Не асталося б і следу тугі.
Г а н н а
Выдумка гэта! Пабойся ты Бога!
Ты нібы сваркі шукаеш, дружок.
Я не чакаю нікога другога.
Янка, дарэмны твой гнеўны папрок.
Я н к а
Згода ўжо, згода! Хіба ж я крыўдую?
Гэта ад сну ўсё. Даволі ж драмаць!
Ганна, спявай жа, табе падпяю я,
Будзем усе мы табе падпяваць.
Г а н н а
Згода ўжо, згода! Не, я не крыўдую!
Гэта ад сну ўсё. Даволі драмаць!
Х о р
Ганна, спявай жа, табе падпяю я,
Будзем усе мы табе падпяваць.
Г а н н а
(спявае)
Колас жытні, ці ж не шкода,
Што цябе сажнём?
Тут была табе лагода.
Сонца, ветрыкі, свабода
Кожным летнім днём.
Быў травінкай, распрамляўся,
Падымаўся, рос,
Красаваў і наліваўся,
Калыхаўся і шаптаўся
З зорамі нябёс.
Х о р
Дождж яму спрыяе
Тут, у мройным полі.
Весела на волі
Ветрык з ім гуляе.
Г а н н а
Ды за днямі дзень мінае,
I ніжэй штораз
Зерне колас свой згінае,
Бы рой думак, што схіляе
Голаў нам падчас.
Колас твой паспеў, араты,
Аж свіціцца ён.
Нібы золата, зярняты.
Будзе, будзе збор багаты,
Шчырай працы плён.
Х о р
Сквар і слоту церпіць колас,
Сохне пакрысе.
А вясёлы жнеек голас
Смерць яму нясе.
Г а н н а
Лепш быць траўкай, што рунее
Дружна на раллі,
Чымся коласам, што спее,
Што цяжэе і марнее,
Хіліцца к зямлі.
Лепш быць юным і вясёлым,
Без турбот, без мук,
Чымся мудрым, але кволым
I, як колас той, над долам
Гнуцца, гнуцца ў крук.
Х о р
Хай квітнее ўсё жывое
Летам і зімой.
Лепш мець сэрца маладое,
Чымся розум той.
В о й т
(спявае)
Гэй, хлопцы! Касіць! Луг нас просіць.
Пакажам жа працу сваю!
А спеваў тых досыць! Так, досыць!
Бо я вам інакш падпяю!
Так, добра, што славім каханне
I кветачкі ў песнях сваіх.
Па мне ж, гаспадар той, васпане,
Хто сена высушвае з іх.
А вас, дзеўкі, ніва унь просіць.
Хутчэй жа на постаць сваю!
I досыць тых спеваў! Так, досыць!
Бо я вам інакш падпяю!
Жытцо, каласоў калыханне
Над ніваю бачыць я рад.
Той колас найлепшы, васпане,
Што мае найболей зярнят!
Г а н н а
Эй, Янка! Хай войт сам тут косіць!
Завёў гэтак песню сваю!
В о й т
Эй, досыць тых шэптаў! Так, досыць!
Бо я вам інакш падпяю!
Сачыць буду пільна за вамі,
Не дам анікому гуляць.
Гэй, жнеі, шчыруйце сярпамі!
Гэй, хлопцы, касіць сенажаць!
Упартых бізун мой папросіць
Рабіць лепш работу сваю.
I досыць тых шэптаў! Так, досыць!
Бо я вам інакш запяю!
Р э ч ы т а т ы ў
Шэрагам доўгім, сагнуўшы ў крук спіны,
Жнуць свае постаці ў полі жанчыны.
Рэй вядзе Ганна. Яна зачынае
Жніўную песню, а гурт падпявае.
Х о р ж н е й
Плача ў жыце — як ёй жыці:
Жалі мы, снапы лажылі
I гняздо ёй разбурылі.
Плача птушка, не змаўкае,
На нядолю наракае,
Дакарае жней няўпынна.
Ну й зласлівая пташына!
«Жніце, жнейкі, жыта, жніце,
Болей пана залаціце,
Пот свой ліце, гніце спіны,
Млейце ў сквары штохвіліны
Тут, пакорныя жанчынкі!
Вам за гэта на дажынкі
Дасць пан мёду, дасць і вінаў».
Ну й зласлівая пташына!
«Піце ж, жнейкі, пакуль хаты
Маюць хлеб, хоць скупаваты.
А вясной памкнуць віціны
Немцу збожжа ўсё з краіны.
Падмятуць ратаі клеці,
Без яды заплачуць дзеці,
Смерць пачне жніво ў хацінах».
Ну й зласлівая пташына!
Перапёлка ў жыце плача.
Пане войце, вось няўдача!
Ты бяжы ў двор, панскі служка,
Па ружжо й забі на золку
Шчабятушку-перапёлку —
Хай не енчыць безупынна!
Ну й зласлівая пташына!
В о й т
I досыць тых песень! Так, досыць!
Бо я вам інакш падпяю!
Вы бачыце, хмара! О Божа!
У небе грукоча ўжо гром!
Дождж будзе! Замокне ўсё збожжа!
Да копаў, да копаў — бягом!
Жвавей жа! Снапы туды зносіць!
Барзджэй жа на постаць сваю!
I досыць тых шэптаў! Так, досыць!
Бо я вам інакш падпяю!
Х о р
У небе грукоча ўжо гром!
Тут лівень абрынуцца можа —
Усё пацямнела кругом!
Г а н н а
Крывёю мільгнула з-за хмары
I знікла ў ёй сонца зусім.
У цемры зямлі ўсёй абшары,
I мы — нібы ў склепе якім.
Х о р
I вецер калоссе затрос.
Нібыта ўсе сілы ліхія
На нас наляцелі з нябёс.
Р э ч ы т а т ы ў
Тут бліскавіца агністай змяёю
Неба наўзмах раскалола. За ёю
Ляснуў пярун у раздзёртую хмару —
Аж скаланула зямлю ад удару.
Х о р ж н е й
А слова сталася целам.
Не дай нас, вялікі Ягова,
Караць перуновым стрэлам.
Вазьмі нас пад абарону
Й апеку святую.
Мы дзякаваць будзем да скону
За ласку такую.
Ты ў добры час
Папесціш нас,
Дажджом не страш.
Ты ж бацька наш!
Ты ж бацька наш!
(Грукат буры, перапынены словамі малітвы.)
Г а н н а
Што гневу не маеш да нас.
Заціхлі ўжо буры праявы
І лівень спыніўся ураз.
З-пад хмары заззяла — даў Божа —
Глядзі, залатая зара.
Пан войт, ужо вечар і, можа,
Пайсці б нам дадому пара?
Х о р
Дый, гляньце, ужо ўвачавідкі
Цямнее — сярпа не відаць.
Войт
Далёка ўжо груканне грому,
Не вернецца лівень да нас.
Што ж, дзеці, ідзіце дадому,
Бо змоклі і, праўда, вам час.
Здаецца, аж сэрца ўваскрэсне,
Як дома мы сядзем за стол.
Хор
Ану, заспявай, Ганна, песню,
Хай весела будзе наўкол!
Ганна
Спеў наш дзявочы
Хай аж да ночы
Вольна над вёскай лунае,
Дзе наша хатка,
Дзе наша матка,
Што нас вячэраць чакае.
Заўтра ў нас свята,
Жыта ж не зжата —
Хай яно там даспявае.
Хай вецер вольны,
Хай конік польны
Ды жаўручок там спявае!
Блізка ўжо хатка,
Любая матка
Стрэне дачку ля парога
Ды папытае
З ласкай старая:
— Ці хоць нажалі там многа?
— Што нам старацца?
Што, мама, праца?
Ногі абколваць аб восці?
Шкода рук белых,
Там агрубелых,
Шкода маёй маладосці.
Р э ч ы т а т ы ў
У вёску прыйшла ўжо нядзелька святая.
Той дзень адпачынку хто з нас не чакае?
У вёсцы усе — ад людзей да гавяды —
Найсветламу святу, дню гэтаму рады.
Як ютрань зазвоніць здалёк у касцёле,
Гуляе вальней нават ветрык у полі.
Душою і целам спачнуць сёння людзі,
Бо войт ім у шыбіны грукаць не будзе.
Вам можна ўжо, хлопцы, прыўзияuь і галовы,
Не слухаць пагрозныя крыкі вайтовы,
Ля веснічак любую стрэціuь, прывеціць,
А дзеўчына можа й галоўку уквеціць,
Прыгожа ў святочныя строі прыбрацца
I ў гурце на Божую службу падацца.
А там, у касцёле, так светла, так гожа!
I кожны укленчыць з малітваю можа
Ды раны Хрыста ўшанаваць урачыста,
Суцешыць душу каля Маткі Прачыстай.
Зазвоняць званы, заспяваюцца песні,
Душа ажыве тады, сэрца ўваскрэсне.
Яго падмацуе й малітва святая.
Там кожны пакуты свае забывае.
З касцёла ў карчму ўсе ідуць грамадою,
Там скрыпкі адразу бяруць за жывое.
У скокі пускаецца моладзь. Гулянкі
Шум-гоман да познага. Смех, заляцанкі.
Старыя — Васілі наш з кумам Сымонам —
Пад шум той і гоман у тлуме прымглёным,
Схіліўшы галовы, мядок папіваюць,
Гамоняць, на долю сваю наракаюць.
С ы м о н
Зноў дажджы, а на надзеле
Шчэ не зжата збожжа.
Хіба ж жаць мне па нядзелях?
Зжалься, зжалься, Божа.
Пану — чынш, ксяндзу — календу,
Хто ж бы ўсё асіліў?
Не дасі — задасць войт пэнду.
Кепска, кум Васілі!
В а с і л і
Помню лепшыя часы я:
Ўсе жылі ў раскошы,
Скрозь раслі жыты густыя,
Чынш быў — два-тры грошы.
Сымон
Б’ёмся мы, як рыба ў сецях,
Падупалі ў сіле.
Цяжка жыць, сусед, на свеце,
Кепска, кум Васілі.
В а с і л і
На рабоце дзень пры дні я,
Ў мазалях далоні.
Так, сусед, часы цяжкія.
Кепска, кум Сымоне.
Сымон
Праўда ж, нас паны ліхія
Працай падкасілі.
Так, сусед, часы цяжкія,
Кепска, кум Васілі!
В а с і л і
Праўда, праўда. Хоць старыя,
Ды мы ў працы й сёння.
Так, сусед, часы цяжкія,
Кепска, кум Сымоне!
Янка
Усе мы жывём на зямлі паднявольнай,
Ды толькі што можам змяніць тым ныццём?
Вось так у нядзельку па працы мазольнай
Хоць тут адпачнём мы, душу адвядзём.
Гэй, мёду нам, моцнага мёду скарэй!
Дзяўчаткі-ягадкі, я буду весці рэй.
Заскачам так, што ў небе пазайдросцяць нам.
Музыкі, грайце, грайце, на струны грыўню дам!
В а с і л і
Так, кінем пра ліха! У кола ўсе, ў кола!
Грай, сівы музыка! Гэй, мёду сюды!
Ты помніш, як я тут чачотку вясёла
Пад скрыпку тваю адбіваў, малады?
Дзяды й бацькі, ці ж наш быў горшы час?
Тады, дзяўчаткі, не было йшчэ вас!
Я вашых бабак круціў да ўпаду, рад.
Музыка сівы, грай! Бо пырсне слёзаў град!
Хор
Калі зноў збяромся тут, Бог толькі знае,
Усюды ўжо восені новай пячаць.
Старых, маладых, зноў нас праца чакае,
Дзяўчаткі, не дайце ж вы нам сумаваць!
А што прайшло, мінула, успомнім мы не раз,
Бацькі й дзяды, на шчасце паблаславіце нас.
Мы ў віхры танца ўздымем уверх карчомны пыл.
Музыка сівы, грай жа, пакуль хапае сіл!
