автордың кітабын онлайн тегін оқу Авідзій на Палессі
Уладзiслаў Сыракомля
Авідзій на Палессі
Авідзій на Палессі
Аўгуст Цэзар калісьці для свецкага тону
Муз усіх перакінуў у Рым з Гелікону.
да яго на мачанку паэты хадзілі —
I Гарацый3 бываў, гасцяваў і Вергілій.
А Авідзій Назон не трымаў этыкету
I дачку таго Цэзара ўзяў на прыкмету.
Ён паэт і прыдворны малое аздобы,
Але Юльцы пентаметр яго даспадобы,
А была ж чарнаброўка яна, маляванка,
Спірт не дзеўка, а кроў не вада — італьянка!
Чорт у шапку не спіць, можа кепскае стацца…
думаў так Цэзар Аўгуст…
«Што рабіць?» — ён пытае ў сяброў без адкладу.
Мецэнат і Агрыпа даюць яму раду:
«Трэба пал паэтычны астуджваць без шуму,
ды Табольск як на тое яшчэ не прыдуман,
Але можна інакш перабыць гэта гора, —
Хай праедзе паэт на Эўксінскае мора.
Не навучыцца там празаічнае мовы,
дык у Пінск на барліне адпраўце яго вы».
Так па тым і зрабілі. Маркотны і хворы,
Каля Пінска збірае паэт мухаморы,
Ловіць ракаў прыдворны і юшку гатуе,
ды з сармацкага лука па качках пудлуе.
А штопошты — сябрам дакучае і ные:
«Як мне сумна без Рыма, там людзі якія!
Хай даруе мне Цэзар, дадому вяртае,
Бо палеская тут камарня заядае».
А сябры як сябры: аднальковыя ўсюды —
Прысягнуць не забыць і адразу ж забудуць.
Юлька — сэрца падбітае ветрам у дзеўцы —
Строіць вочкі, за ёю ўпадаюць гвардзейцы.
А паэт ва ўладаннях князёў Радзівілаў
У давыд-Гарадку адышоў у магілу,
I завецца гара яго імем дагэтуль…
Вельмі ж горкая доля ў чуллівых паэтаў!
Я да Юлькі ніякай не збочваў з дарогі,
I з Назонам раўняцца няма ў мяне змогі,
А з высокае волі ў вялікай турбоце
Гіну ў вёсцы, як ён у палескім балоце.
Мне загадана славіць тут вёсны і росквіт,
А зірну на бярозкі — гадуюцца розгі.
Ні травіцы на лузе, ні руні на нівах,
Толькі буйны асот вырастае пышліва.
Я, няшчасны выгнаннік з далёкай краіны,
Не лаўлю нават ракаў — няма ручаіны…
А жніва каралевы, красуні-ліцвінкі?
двойчы ў год толькі ўмыцца знаходзяць часінку,
Раз у год толькі чэшуць бялявыя коскі,
Прычакаўшы найбольшага свята для вёскі.
Гераіні літоўцаў — Альдоны, Паяты!
Мыйце трошкі часцей вы абліччы і шаты,
Калі вам у каханні дасюль шанцавала,
Пераборлівых, значыць, залётнікаў мала.
Што красунямі сталі, не знаўшыся з мылам,
Спевакам вы падзякуйце, песням іх мілым.
Я выходжу. Пры ганку стаіць арандатар,
Сад яму выпускаю за сходную плату,
Ён паляк, так сказаць, Маісеевай веры,
Арандуе ў мяне папяроўкі і бэры.
Як прадбачлівы муж, прыглядаецца пільна,
Ці я часам ігрушак украсці не схільны?
Крок у крок мы праходзім ад дрэва да дрэва,
I заводзіць пад нос ён біблейскія спевы.
Ну і як тут патрапіш, о сын чалавечы,
Паглыбляцца у роздум аб сутнасці рэчаў?
Ці пад веццем таполі зайграць на жалейцы
Аб усім, што трывожыць, што маеш на сэрцы?
Хоць бы Ньютанам стаў ты, а думка ніколі
Не ўпадзе табе выспеўшым яблыкам доле.
У пакой свой вяртаюся, ціхі прыстанак,
Тут гады працаваў я ад рана да рана,
Стосы кніжак стаялі, пасілак юначы,
А цяпер толькі рэха пад крокамі плача.
1861, Барэйкаўшчына
