автордың кітабын онлайн тегін оқу Дзявочы вечар
Уладзiслаў Сыракомля
Дзявочы вечар
Дзявочы вечар
У скароце
Папросту хаты сабе стаўлялі
Сыны літвінаў:
З бярвён дубовых вянцы вязалі
У зруб адзіны.
Вясковы дойлід у сцены дома
Слаў многа моху;
Падпоры-кроквы пад дах з саломы
Падвёў патроху.
даўгой, шырокай была хаціна,
Нібы стадола.
Адзін бок хаты — жытло літвіна,
другі — жывёлы.
дужыя коні ці да работы,
Ці то да бою;
Былі кароўкі, пра іх турбота,
Каб мець удоі.
I крутарогіх волікаў пара,
Што скібы рэжа,
Пасля авечка з кудзерам шарым —
дзеля адзежы.
дзе густа ў хаце таўкуцца людзі,
Акенца днее,
А далей — чорна, у дыме, ў брудзе
Сям’я гібее.
Замест падлогі ток глінабітны
Хаціна мае,
А пасяродку агонь нязбытны
Гарыць, палае.
Не гасне знічу ахвярнік гэты
У хаце чорнай,
Пры ім ткуць кросны свае кабеты
Ці круцяць жорны.
Пры ім старыя пра час мінулы
Апавядаюць,
Малыя, моладзь з увагай чулай
Пры ім сядаюць.
Як дзед і ўнукі збяруцца купна,
Аж глянуць люба:
Нібы два векі — стары з наступным —
Ідуць да шлюбу.
Пакуль унукам з былога споведзь
дзед не дакажа,
Смерць не запыніць яго на слове,
Свет не завяжа.
Пад грукат жорнаў, пад стукат кроснаў,
Пад бразгат цэўкі
Пяе літоўка, аж сэрцу млосна
Ад той запеўкі.
Бо Эрму хлопцу ўжо заручылі
З суседняй вёскі,
I расставацца пара дзяўчыне
З кутком бацькоўскім.
Кос залацістых тугі вяночак
Каптур укрые,
Блакіт нябесны з чароўных вочак
Слязіна змые.
дарма аб шчасці ты сніш употай
I сэрца хмеліш,
Гучыць у песнях адна сумота
Перад вяселлем.
Сышліся ў хату яе сяброўкі,
Глядзяць панура
I толькі з жалем хіляць галоўкі,
Як на хаўтурах.
I хоць гавораць з такім нясмакам:
«Шлюб ёсць жалоба»,
А над сабою хутчэй паплакаць
Ім даспадобы.
Зашчабяталі, як птушкі з бору
Перад навалай,
Пападбіралі да хору ўторы
I запявалаў.
Тады абселі Эрміны кросны,
Як што іх дрэнчыць,
А заспявалі — аж воку росна,
Аж сцены енчаць.
«Рута красуецца перад сястрыцай,
Келіх лілея дала ёй з расіцай,
Але сястрыца слязьмі хоча ўмыцца.
Што цябе, любая, гэтак трывожыць?
То ж маладосць твая — раначак Божы
I нарачоны — ўдалы ды гожы».
«Праўда, вясна мая — свежае ранне,
I нарачоны — між лепшых абраннік,
ды востры смутак душу параніў.
Мушу пакінуць я хатні куточак,
Родную маці, вясёлы гародчык,
Руты зялёнай пахучы вяночак.
Чорныя пеўні, не пейце рана,
Хай будзе доўгай ночка няспана,
Што засталася з маці адна нам.
Пеўні не пелі, вёска заспала,
Цёмная ночка гадзін прыбрала,
А ці ж я маці пра ўсё сказала?»
— Песню ямчэйшую, — кажа дзявуха, —
Можа, вы хочаце зараз паслухаць:
Быў сабе хлопец, сіротка без долі,
дубу ён сэрца адкрыў для патолі:
«Там, дзе прыстань хваля мыла,
Гара выйшла з долу,
Вырас дуб на ёй асілак
З галінастым чолам.
На відне паплыў я з гора, —
Сірата без дому,
I прыбіла човен мора
Акурат пад строму.
дуб абняў я з парываннем:
— Ты змяніся, братка, —
Хай замест цябе тут стане
Постаць майго таткі!
Падымі сукі ўрачыста,
Як бацькавы рукі,
Замяні ты шолах лісту
На словы, на гукі.
ды сіротка ў паняверцы
Марна сілы траціць, —
Не зайграла ў дубе сэрца
Радзімага бацькі.
Не падняў сукі ўрачыста,
Як бацькавы рукі,
Не прамовіў шумналісты
Ні слова, ні гуку».
Потым дзяўчына кажа другая:
— Ці ж толькі хлопцам скрутна бывае?
З іхняй слязіны — горача воку,
Наша — зямельку точыць глыбока:
Жаль іх сягае ў неба на крылах,
Наш — прабівае глыбу магілы.
Толькі у шчасці хлопцы спяваюць,
Нас жа і ў смутку спеў парывае.
Гэткую ж песню я ўмею іначай, —
Як па матулі дачушка плача:
«Мяне, бедну, не пыталі —
ў лес па ягады паслалі.
ды тых ягад я не бачу:
На магіле ў маці плачу.
Бегла сцежкай добра знанай,
дзе матуля пахавана,
А як білася на грудзе,
дрэвы енчылі, як людзі.
Маці кажа з дамавіны:
— Хто гарачаю слязінай
дол пясчаны прабівае
I мне грудзі залівае?
— Гэта я, ты чуеш, маці,
Кепска як твайму дзіцяці?!
Хто касу маю расчэша,
А хто ўмые, хто пацешыць,
Хто ад злыбеды затуліць,
Слоўкам ласкавым расчуліць?
— Ой, табе, мая ты доня,
Маці вымаліла долю:
Там сватоў прыслаў у хату
Рыцар знаны і багаты.
Ён касу тваю расчэша,
Ён умые, ён пацешыць,
Ён ад злыбеды затуліць,
Слоўкам ласкавым расчуліць».
* * *
— Эй вы, дзяўчаты! Пабойцеся Бога,
Плакаць прымусілі дзеда старога! —
Кажа ім старац з вокам замглёным,
Варпас — нявольнік з часаў прыгону.
Строгі ахоўнік даўніх абрадаў,
Сівы, як явар зімняга саду.
Шлюбныя песні з нотай хаўтурнай
Цяжка з ягонай слухаць натурай.
Вясёлы быў, не гняла яго старасць,
Смех падабаў ён на кожным твары,
А больш за ўсё, як ад мёду, піва
Расчырванеюцца асабліва,
Ажно кладуцца людзі ад смеху,
Як жарт састроіць ім на пацеху.
Зараз ён кажа:
— Будзе вяселле,
Песень стае ў вас для добрай капэлі,
ды за маю маладосць, бывала,
Песні вясельныя моладзь спявала.
Хорам пяялі, смяяліся хорам,
Сёння смяяцца забыліся з гора.
Ніхто не знае, хто там чым дыхаў,
Калі жанілі ваўка з ваўчыхай.
дайце мне жорны, цяжка без працы,
Просяцца рукі, каб распрастацца,
думкі пушчу я жвавейшым рэем,
Бо без работы спяваць не ўмею.
I вось, сыпнуўшы зерне на камень,
Адкінуў голаў, крутнуў рукамі,
Як добры лірнік, што дзеля спробы
Сабе спачатку прайгранне робіць.
Нібы са студні пачуўся голас,
Так часам рыпне на мосце кола, —
Пачаў дзед песню з далёкай хвілі,
Калі ваўчыцу з ваўком жанілі.
«Мядзведзь да ваўчыцы, кудлаты, кудлаты,
З гарэлкай прыпёрся за свата, за свата:
Пад зімоўку жэнім воўка,
Зваў гасцей ён у дамоўку,
У пушчу, у пушчу.
Гарэлачку вожык пільнуе, пільнуе,
А ліс за маршалка кіруе, кіруе,
Заяц п’яны за фурмана,
Маладых памчыць з паляны
да шлюбу, да шлюбу.
Тхор піва вясельнае пеніць ды пеніць,
Шпакі робяць солад з ячменю, з ячменю,
А зязюлі ў тыя гулі
Шышак хмелю нацягнулі
З гароду, з гароду.
Бык дровы пілуе, а лысы ён, лысы,
Пёс лыжкі шаруе і місы, і місы.
Кабан гладкі для грамадкі
Накупляў свяжынкі з яткі
Па грошу, па грошу.
Мядзведзь, адпачыўшы з турботы, з турботы,
Тне марша на дудцы з ахвотай, з ахвотай.
Воўк пад чарай зблытаў пару,
Запрасіў казу-няздару
да танца, да танца.
— Я зараз у добрым гуморы, гуморы,
Хай кумка хоць вальсам адорыць, адорыць:
Хто не скача, той заплача,
Гэй, мядзведзь, зайграй, дружбача.
Вальчыка, немчыка!
Як кумка адмовіць у танцы, у танцы,
Заем я куму на палянцы, палянцы.
А са скуры для вільчуры
Каўпак будзе ад віхуры
На свята, на свята».
* * *
Зарагаталі дзеўкі-раготкі,
Які то з воўка танцор салодкі
I як каўпак яму быў да твару,
Як на бяседзе ліс гаспадарыў,
Як бедны заяц стагнаў пад возам,
Ад смеху дзеўкі ўціраюць слёзы.
— Ці ж не казаў я, што будзе смешна? —
дзед сам рагоча, самому ўцешна,
Што так забавіў дзяўчат грамадку,
У жорны грукнуў ды новай згадкай
Хацеў смяшыць іх, спяваць ім далей,
Аж тут трывожна ўсе закрычалі!
З акна, знадворку, са змроку ночы
Зірнулі страшна чыесьці вочы,
Твар дзікаваты блішчыць праз шыбу,
Рудабароды, разбойнік нібы.
З-пад вусаў зубы свіцяцца ў роце,
I галавою трасе страхоцце.
— Хто там? — разлёгся крык утрапення,
I моладзь кулем ляціць у сені.
Адзін зрывае з цвіка бярданку,
другі сякеру схапіў — каванку,
дзяўчат да дзеда хіне трывога,
Але ў дварэ ўжо няма нікога.
Адно прыкмеціў з грамадкі нехта:
Гула зямелька, як той прабег там.
другі заўважыў здалёк, з-за дрэва,
У белым постаць, плашча павевы,
Над галавою штосьці іскрыцца, —
Са сталі шапка на ім як быццам.
дзед пасмяяўся з трывог юначых,
ды смак да песень ужо быў страчан.
На твары дзеда з дзіўным выразам
Жуда і кплівасць сышліся разам.
Свой страх схаваўшы за смешнай мінай, —
«Воўк, — кажа, — быў у чапцы казіным!»
1860, Вільня
