Зборнік вершаў
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Зборнік вершаў

Уладзiслаў Сыракомля


Зборнік вершаў



Добрыя весці


Заходзіць сонца пагоднага лета, 

Веіць вецер з заходніх нябёс.

Здароў будзь, вецер з далёкага света: 

добрыя ж весці да нас ты прынёс!

Здаровыя ж будзьце, эй, добрыя весці! 

Там, на заходзе, праліваюць кроў, 

Б’юцца для славы, свабоды і чэсці

I робяць вольных людзей з мужыкоў. 

Гудзяць вясёла і песні, і танцы

У добрым жніве на шчаслівы год. 

Годзе вам, годзе, царыкі-паганцы, 

Таптаць з балотам хрышчоны народ! 

Годзе ж вам, годзе ў яснай карэце, 

Годзе, чыноўнікі, ездзіць у двор, 

Годзе вам, годзе, мужыцкія дзеці,

З хаткі астаткі даваць на пабор. 

I панская дзецка, і хамская юха 

З аднэй кватэркі папіяюць мёд: 

I прысягнулі навек, да абуха,

Быць сабе вольны і роўны народ. 

Мужык і шляхціч засядзе на лаве, 

Каб весці раду а сваей зямлі,

Як трэба думаць а грамадскай справе, 

На адно месца, як браты, прыйшлі, — 

А як урадзім вайну на грамадзе — 

Бараніць дзеткі, і зямлю, і дом, 

Мужык і шляхціч на каня усядзе 

Касіць касою, рубаць тапаром!

Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа 

За нашу крыўду, за горкі наш жаль.

Запяём песню: «Хваліць цябе, Божа!» 

Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль.

Зямля ты наша, зямля ты святая,

Радзі нам збожжа ды судзі пажаць, — 

Не прыйдзе вораг з маскоўскага краю 

На магазын наша зерне браць!

Ручыць рукою худоба ў хаце.

Паны мужыцкіх слёз не забяруць, — 

Мужык і шляхціч стаў запанебраце, 

Рукі за рукі і грудзь за грудзь.

Пяром на карце, сахой на ніве 

Адзін другому роўнасць засцярог. 

Эй, у свабодзе зажывём шчасліве,

Мы будзем дзеткі, а наш бацька — Бог!

1848, 1861



Ужо птушкі пяюць усюды…


Ужо птушкі пяюць усюды, 

Ужо кветкі зацвялі…

«Вясна прыйдзе», — кажуць людзі. 

ды скуль прыйдзе і калі?


I нашто ж вясна нам, Божа? 

Мы адвыклі ад вясны… 

Елкі ў лесе, мох на стрэсе 

Зелянеюць заўсягды…


1861, Вільня



Не я пяю — народ божы…

Не я пяю — народ Божы

даў мне ў песні лад прыгожы, 

Бо на сэрцы маю путы

I з народам імі скуты.


З ім я зліўся з добрай волі, 

Чы то ў долі, чы ў нядолі, 

Чы гдзе гора абзавецца,

Як асіна, грудзь трасецца.


Чы пра радасць чую весці, 

Усё ў грудзь хаваю гдзесьці. 

Мне гаворыць вёска, хата, 

Мне гаворыць сэрца брата,


Рад збіраю, што пачую, 

У грудзі сваёй нашу я,

Аж, як траўка на кургане, 

Яно ўзыдзе — песняй стане.


1844



Надта салодкiя думкi

Пакуль доля нам засвеці,

Надта ж яно міла думаць 

думкі і, як дзеці, 

Пушчаць пузыр з мыла.


Верце, людзі: шчасце будзе, 

Так, як пчолкам ў вуллі!..

Лезь на грушку, рві пятрушку, 

Пакаштуй цыбулі!..


Хоць галоўка на грудзь вісне 

I апалі рукі,

Хоць нам сэрца часам сцісне 

Цяжкі ланцуг мукі,


Крычу смела: «Што за дзела!» 

Каб усе пачулі…

Лезь на грушку, рві пятрушку, 

Пакаштуй цыбулі!..


Наша доля гдзесь у яры 

Чы у воўчым доле.

Гром грахоча, плывуць хмары, 

Град пабіў нам поле.


Не пужайся! — спадзявайся… 

Кукуе зязюля:

Лезь на грушку, рві пятрушку, 

Салодка цыбуля!


Так найлепей жыць на свеце 

З думкай гдзесь у небе,

Хоць і пусткі у калеце, 

Мякіна у хлебе.


Такім шлякам ляціць птакам 

Шыбка мысль, як куля:

Лезь на грушку, рві пятрушку, 

Салодка цыбуля!


Гані, гані думку пусту! 

Будуй з лёду плоты.

Трэба скіснуць на капусту 

Без такой работы.


Спі! — а мары згоняць хмары, 

От — абы заснулі!

Лезь на грушку, рві пятрушку, 

Пакаштуй цыбулі!


Усюды ўзыдзе збожжа колас, 

Зажывем багата!

ўсюды шчасце слыхаць голас, 

Браць не крыўдзіць брата.


Срэдзь грамады усе рады, 

добры весці чулі…

Лезь на грушку, рві пятрушку, 

Пакаштуй цыбулі!


Той не будзе пры ахвоце 

I весел, як трэба,

Хто не ўмее на балоце 

Знайсці бохан хлеба,


З адной ніткі ткаць дзве світкі, 

Чатыры кашулі.

Лезь на грушку, рві пятрушку, 

Пакаштуй цыбулі!


1844

 



Труны Радзiвiлаў у езуiцкiм касцёле

З цыкла «Успаміны пра Нясвіж»


Пад даўняй святыняй — дзён колішніх сховы: 

Падземны там склеп, ёсць алтар у ім, краты, 

Эбенавых трунаў там шэраг суровы — 

Ляжаць у іх косці, сатлелыя шаты.

Нясе адтуль гніллю, хоць арыстакраты 

Калісьці ў стагоддзях там склалі галовы, 

Згнілі паны й пані, адно ўбор багаты, 

Шкілет, герб гавораць пра шлях іх жыццёвы. 

Хацелі застацца у памяці люду,

Крывёю ды золатам імя пісалі.

Былі й яны людзі — тут блюзніць не буду, 

ды што, каб яны раптам з трун паўставалі? 

Зноў падалі б ніц каля іх з перапуду?

Яны ж бы на вас і зірнуць не жадалі…


1844



Што прыснiцца


Пачакай, дзяўчо, хвілінку, 

На дабранач вочкам блісні, 

У салодкім супачынку

Сцісні ў жмені ўсё, што высніш!


Пёс табе прысніцца, можа, 

Ці цукерка, ці наліснік,

Альбо пан які вяльможны, — 

Сцісні ў жмені ўсё, што высніш!


Можа, бранец з даўняй даты, 

Хоць з падаграй, а карысны, 

Альбо кветкі, ці дукаты, — 

Сцісні ў жмені ўсё, што высніш!


Ці са шпорай бот харошы,

Ці сасніш яшчэ капрызней — 

дарагога, ды без грошай, — 

Сцісні ў жмені ўсё, што высніш!

 

Баль ці хатку з вечнай Мары

Тых, што верш плятуць без мыслі, 

Ці ў люстэрку ўласны тварык, — 

Сцісні ў жмені ўсё, што высніш!


А калі расплюшчыш вочы, 

Не забудзься, не распрысні, 

Бо там будзе сон прарочы, —

Сцісні ў жмені ўсё, што высніш!


1845


Tы памерці не павінна


Мкнуць хвіліны, мкнуць гадзіны, 

А за імі зімы, леты.

Трапіш так і ў дамавіну 

Ты, залётны госць сусвету.


Павандруе дух сірочы 

У нябесныя вышыні.

А труну пацук паточыць, 

Парахно касцей раскіне.


Перад тым жа труп застылы 

Урачыста несці мусяць.

I прамоўца, люба-міла, 

Пра цябе народу схлусіць.


З плачам пекным апранецца 

У жалобу, як да балю,

I яна… друг адгукнецца 

Вершам сумным, поўным жалю.


Вось і ўсё, бадай, для цела,

ды зямлі вільготнай груддзе… 

дзе ж усё, што летуцела,

Што агнём паліла грудзі?


Ўсё пагасла, ўсё патухла — думкі, 

сэрца, шчасце, слёзы. 

Рэшткі ўсе, як пацяруху, 

Вецер звее ў ніцы лозы. 


Песня! Я ў табе пакіну 

Варты неба дар нябесны! 

Ты памерці не павінна,

А з табой і я ўваскрэсну!


Нелюдзь, пэўна, мкнуцца 

будзе Здратаваць цябе і сцерці.

Але знойдуцца і людзі 

Паратунак даць ад смерці!


1845, Залуча



П’яны бядак


Мёд нам хмеліць галовы, 

Людзі дзейкаюць хорам. 

Я ж ні з кім ані слова, 

дый са мной не гавораць.


Эх, ці ж я вінаваты,

Што ў нас розныя сцежкі: 

Ім і ўчора — як свята,

Ім і заўтра — усмешкі.


А якім жа праклёнам

Мне свой выстагнаць смутак? 

Маё ўчора — пакута,

З вострых церняў карона.


Заўтра — цьмяна для вока, 

Не чакаю патолі,

Быць не трэба прарокам, 

Каб прадбачыць нядолю!


Маю хату ў даліне, 

дзе рачулка булькоча, 

Хваля весняя рыне, 

Адбярэ мой дамочак.


Людзі цешацца з вёснаў, 

Мне ж і сонейка шкодзіць. 

Нават скарга на лёс мой 

Глухне ў шуме разводдзя.

 


Пад дубовай галінай 

Захачу прыпыніцца, 

дождж на голаў мне ліне, 

Пражане навальніца.


Летам людзі на полі 

Светлым зросяцца потам, 

Толькі крык майго болю 

Зглухне ў гуле грымотаў.


Свет абсыпле імжою 

Восень з хмарнага крысся, 

думак золь нада мною 

Туманамі навісне.


Сыты восенню людцы, 

Ёсць і мёд, і смятана:

А ў мяне слёзы льюцца

З нэндзы горкай — я п’яны.


А зімовай гадзінай 

У сям’і, між малечы

Мае кожны спачынак, 

Свой агеньчык у печы.


Я ж без дому, без роду, 

Без агню на камінку, 

Каля плота ў нягоду 

Прычакаю спачынку.


I грабар мяне злае,

Грунт б’ючы зледзянелы, 

Што памёр да цяпла я, 

Быццам конча прыспела.


Ні кадзіла над долам, 

Ні імшы, моцны Божа, 

Нават цэглы пад голаў 

У труну не паложаць.


Ці ж па мне загалосяць, 

Ці слязьмі хто зальецца? 

дождж магілу заросіць, 

Ветру хіба ўздыхнецца.


Востры сівер з паўночы 

Замяце дамавіну, — 

Скончан шлях мой сірочы, 

Вось мой вечны спачынак.


1845, Залуча



Пра маю страую хатку


Бачу вербы роднай вёскі, 

Берагі рачулкі бачу.

Тут пазнаў я шчасця росквіт, 

Боль ад першае няўдачы.

Мацісан




1

За гарою за высокай 

Леваруч дубы старыя.

Тут і Нёман цешыць вока, 

Ён зялёны бераг мые.


А правей — як шляк, балота, 

Вербалозы над дрыгвою.

А над імі і над слотай 

На пяску гамоніць хвоя.


Паркановай трапіш вулкай 

да старой пахілай хаты. 

да зямлі яе прыгнула,

Мох страху закрыў і латы.


Цераз шчыліны ў драніцы 

Можна немаль бачыць неба. 

Гэта ўсё — мая святліца, 

Лепшай мне нідзе не трэба.


Астракол, нібы на варце, 

Каля весніц, перад ганкам. 

А ў аградачцы, пры хаце, 

Густалісты бэз альтанкай. 


Перад вокнамі хаціны 

Кветак, зёлак розных лешка 

да агрэсту і маліны

Каля іх віецца сцежка.


Праз аградку бачыш поле, 

Як плыве здалёку Нёман.

А пры шчытным астраколе 

Ля вулля пчаліны гоман.


Тут маё ўсё ў агародзе, 

Хоць убога ў ім і дзіка. 

Тут я ў радасці, ў нягодзе 

З рукапісам і матыкай.


Быццам сніцца сон цудоўны, 

Так мне добра і вясёла.

Валатоўнай сілы поўны, 

Пазіраю я наўкола.


Калі гляну на даліны 

Ці на поплаў бераговы,

ў захапленні вокам кіну 

На шумлівы бор сасновы


Ці пушчу пагляд па хвалях, 

Як рыбак на вёслах човен, — 

Хараство прыносяць далі, 

Пекнатою край мой повен.


далягляд мой — нібы заля, 

А рыбацкія хаціны,

А лясы, краса ўся ў далях — 

Нібы ў залі той карціны.


Там аблокі над блакітам 

Праплываюць ціхім статкам. 

Покуль неба не закрыта — 

ўсё ж мая трывае хатка.


А як прыйдзе навальніца, 

Абароніць дах наўдачу: 

Цераз столь вада бруіцца, 

Цераз сцены вецер плача…

 

2

З лесу звон сякеры чутны, 

Вокал водгулле лунае.

Я вясёлы, я і смутны: 

Хата будзе мне другая.


На старой маёй хаціне

ўся страха амаль раскрыта. 

У налецці я павінен

Жыць у новай самавіта.


Ах! Старую збураць хатку, 

ўсе куточкі, столь і сцены. 

дзе ж старыя дзену згадкі, 

дзе свае ўспаміны дзену?


Ці, бывала, цісне сэрца 

Хваляваннем, сумным страхам, 

Мне найлепш было сагрэцца 

Пад маім збуцвелым дахам.


Ці, бывала, прыйдзе шчасце — 

Адгукнуцца сцены рэхам.

Так пазбудзешся напасці, 

А слязу прагоніш смехам.


Вось і прызба, вось і ганак… 

Тут я слухаў напрадвесні: 

Каля Нёмна ў ціхі ранак 

Салавей спяваў мне песні.


Часам песнямі сваімі 

Абуджаў ён жаль на сэрцы, 

Часам сум такі узніме,

Што сляза ў слязу ліецца.


Неаднойчы… захапленне 

Шчасным смуткам сэрца кроіць. 

Але сэрцу гора меней,

Калі спогад шле другое!


Вось пакойчык мой самотны, 

Фарбаваны ў колер цэглы.

Колькі думак тут гаротных 

I прыбегла, і прабегла…

На сцяне вяночак жыта — 

Пра дажынкі успамінак.

Вось сафа, што пылам крыта, — 

Мой ад працы адпачынак.


Столік мой — мая сталіца, 

На стале паперак горы.

Кніжак поўныя паліцы — 

Маё шчасце, маё гора…


А над столікам высока 

Павуцінне вісне долу.

Там маё бывае вока

ў часе думак невясёлых.


Павуцінне ў бляску сонца 

Зіхаціць, нібы вясёлка, 

Калі думку-валаконца

Я сную-складаю ў столкі.


Тут і комін — друг найлепшы, 

Ён выносіў дым цыгарны.

ў ім свае паліў я вершы, 

Можа, часам марнатраўна…


Вось пакой таму для пары. 

Хіба ў ім прасторы мала? 

Тут бывала ява ў мары, 

думка з сэрцам размаўляла.


Ці стамлёны, ці знясілы, 

Супачыць я мог у хаце

I ў абоймах жонкі мілай, 

I ля роднага дзіцяці.


На канапе разасланы 

дыванок, у кветы тканы. 

Тут і столік для гарбаты, 

Тут партрэты Банапарта…


Як любіў я, калі госці, 

ўсё найлепшыя суседзі, 

дадавалі весялосці

Роднай песняй пры бяседзе.


А яшчэ найлепш было мне

З другам шчырым, сябрам пэўным 

да паўночы ў ціхім гомне 

ўспамінаць аб задушэўным…


Супачыць калі ахвота, — 

Мякка ў ложку, як на цэгле, 

Тут жылі мае турботы,

Сны мае адгэтуль беглі…


Летуцеў я ў гэтай хаце, 

думка мару тут жахала. 

На ўзгалоўе гэта, браце,

Слёз прабегла — эх! — нямала…



3

Спарахнееш, станеш тленам, 

Хоць стаіш пакуль што, хата. 

Як я ўрос у твае сцены,

Ты ў душу маю ўрасла так.


Што вазьму я са старое 

На пярэбары да новай? 

Будзе тое, ды не тое,

Хоць, мажліва, адмысловей.


Аднясу я ў хату тую 

Стол, цыгары, узгалоўе.

Мо адновім быль старую, 

А душу ўжо не адновім.


Цяжка ўражанняў шукаць 

мне Заржавелымі вачыма.

дзён мінулых новай хаце 

Перадаць мне немагчыма.


Выгляд новы з новых вокан. 

Тут на Нёман не зірну я

I лясоў, з другога боку, 

Ціхі гоман не пачую. 


А мой кветнік… Прэч сумоту! 

Не вярнуць гадоў квяцістых… 

Пра імпэт дарэмны клопат — 

Трэба жыць цяпер статыстам…


Не вярнуць, не перайначыць! 

дай жыццю таму валету!

Па старому хай заплача…

Хвілька, хвілька… дзе ты? дзе ты?


15 лютага 1847, Залуча