Нядзеля
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Нядзеля

Уладзiслаў Сыракомля

Нядзеля

Нядзеля

Сельская ідылія ў чатырох песнях з нядаўняга мінулага


Пра адну нядзелю

Песні склаў чатыры:

Не сасніш з пахмелля,

Што назвоніць ліра.

Ой, як ненавісна,

Як гучыць няміла,

Часам струны свіснуць,

Як пілой па жылах!

Ліра кажа ціха:

— Ці ж душы не маю?

Як пяе мне віхар,

Так і я іграю.


I. Ранак

Спусцілася доле

Нядзеля святая,

I сонца над полем

Праменнем страляе,

Красуюць палоскі,

Жытнёвыя нівы,

Ляціць наўкруг вёскі

Анёлак зычлівы.

Гаворыць ён кветкам,

Што ў лузе зардзелі:

— Усцешцеся, дзеткі,

Сягоння нядзеля!


Трава ў цёплых росах —

Жывёліна рада,

I рык шматгалосы

Лунае на лядах.

Лугі, дзякуй Богу,

Мы шчодрыя маем,

На дудачцы з рогу

Падпасавіч грае.

На крыж прыдарожны

Шпакі густа селі,

Спяваюць заложна:

— Сягоння нядзеля!


За хатаю ў Янкі

Гатовы калёсы,

I тлум каля ганка

Наследнікаў босых.

А сам ён у клеці

Адмервае збожжа,

На рынак з дасвецця

Сабраўся, нябожа.

Жніво недалёка —

На гэта надзея,

дый тое палёгка,

Што сёння нядзеля!


Бяда ў гаспадарцы —

На грошы патрэба,

ўсё вымеў да гарца —

Застаўся без хлеба.

Бо жонцы дай солі, —

дзяўбе яму ў вушы,

I дзеці скуголяць,

Каб кніжак ды стужак.

А з чым разысціся

На рынку тым вельмі?

ды купіць гасцінцы,

Бо сёння ж нядзеля!

З двара Янка едзе,

Каня паганяе,

Бягуць за ім дзеці,

Чародка малая.

Кіруе за рэчку,

Паўз крыжык убогі,

Гукае малеча:

— Шчаслівай дарогі!

I пацеры шэпчуць,

Што выўчыць паспелі,

Так шчыра шчабечуць,

Бо сёння ж нядзеля!


З вачэй уранілі

Малыя па слёзцы.

На мшу зазванілі

З касцёла на вёсцы.

Калі разгукаўся

Ён звонам святочным,

Пугач абазваўся,

Крычыць, патароча.

Няма нідзе змроку,

Чаго ён там цвеліць?

У сонца ж на воку

Свіціцца нядзеля.


II. Зварот Янкі з кірмашу

Выпіў я таго трунку

Чарку для падмацунку,

А другую з суседам —

Як адмовіць, не ведаў.

А за трэцяй — не жарты!

Назбіралася кварта.

У вачах відната,

Смалі, конь, з капыта!

Набок, пане, я п’яны,

Еду я ў даматканай,

ды без плям мая світка,

Сам пашыў, сам і выткаў.

А пра вашае ўбранне

Што ты скажаш, мой пане,

Як пачне Бог пытаць?

Смалі, конь, з капыта!


да карчмы прыдарожнай

Пыхнуць люлькай заходжу,

Жару ў печы шукаю,

А нячысцік міргае,

Знакі робіць з-за печы.

Каб я выпіў канечне.

От і ўзяў, паспытаў…

Смалі, конь, з капыта!


Ой, не варт, жонка, біцца,

Што пустая сальніца!

Пацярпець табе раю —

Надта ж соль дарагая.

Замарочыўся гэтак,

Не купіў кніг для дзетак.

А нашто ім чытаць?

Смалі, конь, з капыта!


Хоць і знаў бы чытанне,

Мужык панам не стане:

Тыдзень пот цячэ з карку,

А ў нядзелю п’е чарку.

Мала долі праклятай,

дык здадуць у салдаты,

дасць капрал па хрыбтах…

Смалі, конь, з капыта!


Крыж настрэчу… Спынюся…

Ты даруй мне, Ісусе!

Бо я цёмны і п’яны.

дзе мне біцца з шайтанам?

Хто мне вочы асвеціць,

Каб лёс мелі хоць дзеці?

Заўтра што? Цемната!

Смалі, конь, з капыта!


Заблішчала ў аддалі,

дзесьці хвоі гром валіць.

Чаму ж карчмы не рушыць,

Праз яе ж гора сушыць.

Так наставілі ёмка:

Што ні крок, то карчомка,

Мужыку ж — сухата!

Смалі, конь, з капыта!


Вёска!.. Быццам бы наша.

Конь спяшае да пашы.

У хамут даў ён хвацка,

Я зваліўся знянацку.

Цяжка ўстаць цемнатою,

А тут чорт нада мною,

Плешча ў ладкі, шайтан…

Смалі, конь, з капыта!



III. Скаргі арандатара карчмы

Янка!.. ўпіўся, як бэля,

Спіць, разлёгшыся ў рове.

Праўда, сёння нядзеля,

Можна ўзяць на здароўе.

Каб жа піў у карчме ты,

Меў бы грош я на ўцеху,

А то жлукціць за светам,

Аж на рынак паехаў.

Звёз капейку жывую, —

Гвалт — ратуйце, рабуюць!


Ой, зладзюга апошні —

Спіць сабе, не шманае:

Ты ж украў мае грошы —

Пан з мяне ж спаганяе:

За арэнду гатоўкай

Выдай тысячу звонкіх

ды кармі дзве кароўкі,

дробных дзетак і жонку.

Што ж, я грошы друкую?

Гвалт — ратуйце, рабуюць!

Ёсць і коз, і авечак

дваццаць штук, дайце веры.

Ёсць кантракт неаспрэчны

На казённай паперы.

Там усё па закону,

Разам з панам пісалі:

Хлопцы ўсе каб да скону

Толькі тут выпівалі.

Ці ж з п’яных я ўтаргую?

Гвалт — ратуйце, рабуюць!

далей пішацца строга,

Што ўсе помніць павінны,

Ад малых да старога,

Ад хлапца да дзяўчыны,

Што ніхто з іх — крый божа!

Апроч гэтай арэнды,

Нідзе выпіць не можа, —

I няма больш гавэнды.

А то скуру здзяру я…

Гвалт — ратуйце, рабуюць!

Пачытай, вось папера,

Але ж ты непісьменны…

Яшчэ сёння дзве меры

Жыта меў ты, не меней.

Чвэрць была і гароху,

У цане ён — не жарты.

Разлічыўшы патроху,

Мог на рынку ўзяць кварту.

Гэта я ўжо дарую,

Што ты зробіш — рабуюць!


Але рэшту, па ўмове,

Ты ў мяне прапіць мусіш…

досыць спаць табе ў рове,

Ідзі ў карчму, закусіш.

Ну, ўставай, збяры сілы,

Што ў кішэні?.. Нічога!

Ах ты, хлопе пахілы, —

Грошы ўкралі ў п’янога.

Сам іх, думаў, зграбу я.

Гвалт — ратуйце, рабуюць!

Ах, якая прыгода,

Лепш прапіў бы, дурніца!

Мне, браток, цябе шкода,

дам крыху пахмяліцца.

Янка, Янка, ты слабы,

Зноў пясок рыеш носам.

Не спяшайся да бабы, —

Ох і дасць табе чосу!

I ты выб’еш дурную…

Гвалт — ратуйце, лупцуюць!



IV. Вечар

Схіляюць галовы

Рамонкі ў дрымоце,

I вечар ружовы

З зямлёй на самоце.

I перш чым пагасне

Свяціла за стромай,

Зірне яна ясна

На стрэхі з саломы.

Агні ў хатах свецяць,

Відны людзі ў белі.

Канчаецца вечар

Святое нядзелі.


Вяртаецца статак

I гучна рыкае.

Пастух сіваваты

На дудачцы грае.

А конікі скачуць,

Пазвоньваюць хіжа.

Кабеціна плача,

Галосіць пад крыжам.

Каб гэткай пакуты

Павек мы не мелі…

Як горка, як скрутна

У вечар нядзелі.


Скрыпач п’янаваты

На танцы ўсіх кліча.

Жалобай працяты,

Б’е звон у каплічцы.

Я сёння, ты — заўтра…

Мой Янка, нябожа,

Гуляеш, за кварту

Аддаўшы ўсё збожжа.

А смерць не спытае,

Труною надзеліць…

Хто з нас прычакае

Наступнай нядзелі?


1861