автордың кітабын онлайн тегін оқу Пра маю старую хатку
Уладзiслаў Сыракомля
Пра маю старую хатку
Бачу вербы роднай вёскі,
Берагі рачулкі бачу.
Тут пазнаў я шчасця росквіт,
Боль ад першае няўдачы.
Мацісан
1
За гарою за высокай
Леваруч дубы старыя.
Тут і Нёман цешыць вока,
Ён зялёны бераг мые.
А правей — як шляк, балота,
Вербалозы над дрыгвою.
А над імі і над слотай
На пяску гамоніць хвоя.
Паркановай трапіш вулкай
да старой пахілай хаты.
да зямлі яе прыгнула,
Мох страху закрыў і латы.
Цераз шчыліны ў драніцы
Можна немаль бачыць неба.
Гэта ўсё — мая святліца,
Лепшай мне нідзе не трэба.
Астракол, нібы на варце,
Каля весніц, перад ганкам.
А ў аградачцы, пры хаце,
Густалісты бэз альтанкай.
Перад вокнамі хаціны
Кветак, зёлак розных лешка
да агрэсту і маліны
Каля іх віецца сцежка.
Праз аградку бачыш поле,
Як плыве здалёку Нёман.
А пры шчытным астраколе
Ля вулля пчаліны гоман.
Тут маё ўсё ў агародзе,
Хоць убога ў ім і дзіка.
Тут я ў радасці, ў нягодзе
З рукапісам і матыкай.
Быццам сніцца сон цудоўны,
Так мне добра і вясёла.
Валатоўнай сілы поўны,
Пазіраю я наўкола.
Калі гляну на даліны
Ці на поплаў бераговы,
ў захапленні вокам кіну
На шумлівы бор сасновы
Ці пушчу пагляд па хвалях,
Як рыбак на вёслах човен, —
Хараство прыносяць далі,
Пекнатою край мой повен.
далягляд мой — нібы заля,
А рыбацкія хаціны,
А лясы, краса ўся ў далях —
Нібы ў залі той карціны.
Там аблокі над блакітам
Праплываюць ціхім статкам.
Покуль неба не закрыта —
ўсё ж мая трывае хатка.
А як прыйдзе навальніца,
Абароніць дах наўдачу:
Цераз столь вада бруіцца,
Цераз сцены вецер плача…
2
З лесу звон сякеры чутны,
Вокал водгулле лунае.
Я вясёлы, я і смутны:
Хата будзе мне другая.
На старой маёй хаціне
ўся страха амаль раскрыта.
У налецці я павінен
Жыць у новай самавіта.
Ах! Старую збураць хатку,
ўсе куточкі, столь і сцены.
дзе ж старыя дзену згадкі,
дзе свае ўспаміны дзену?
Ці, бывала, цісне сэрца
Хваляваннем, сумным страхам,
Мне найлепш было сагрэцца
Пад маім збуцвелым дахам.
Ці, бывала, прыйдзе шчасце —
Адгукнуцца сцены рэхам.
Так пазбудзешся напасці,
А слязу прагоніш смехам.
Вось і прызба, вось і ганак…
Тут я слухаў напрадвесні:
Каля Нёмна ў ціхі ранак
Салавей спяваў мне песні.
Часам песнямі сваімі
Абуджаў ён жаль на сэрцы,
Часам сум такі узніме,
Што сляза ў слязу ліецца.
Неаднойчы… захапленне
Шчасным смуткам сэрца кроіць.
Але сэрцу гора меней,
Калі спогад шле другое!
Вось пакойчык мой самотны,
Фарбаваны ў колер цэглы.
Колькі думак тут гаротных
I прыбегла, і прабегла…
На сцяне вяночак жыта —
Пра дажынкі успамінак.
Вось сафа, што пылам крыта, —
Мой ад працы адпачынак.
Столік мой — мая сталіца,
На стале паперак горы.
Кніжак поўныя паліцы —
Маё шчасце, маё гора…
А над столікам высока
Павуцінне вісне долу.
Там маё бывае вока
ў часе думак невясёлых.
Павуцінне ў бляску сонца
Зіхаціць, нібы вясёлка,
Калі думку-валаконца
Я сную-складаю ў столкі.
Тут і комін — друг найлепшы,
Ён выносіў дым цыгарны.
ў ім свае паліў я вершы,
Можа, часам марнатраўна…
Вось пакой таму для пары.
Хіба ў ім прасторы мала?
Тут бывала ява ў мары,
думка з сэрцам размаўляла.
Ці стамлёны, ці знясілы,
Супачыць я мог у хаце
I ў абоймах жонкі мілай,
I ля роднага дзіцяці.
На канапе разасланы
дыванок, у кветы тканы.
Тут і столік для гарбаты,
Тут партрэты Банапарта…
Як любіў я, калі госці,
ўсё найлепшыя суседзі,
дадавалі весялосці
Роднай песняй пры бяседзе.
А яшчэ найлепш было мне
З другам шчырым, сябрам пэўным
да паўночы ў ціхім гомне
ўспамінаць аб задушэўным…
Супачыць калі ахвота, —
Мякка ў ложку, як на цэгле,
Тут жылі мае турботы,
Сны мае адгэтуль беглі…
Летуцеў я ў гэтай хаце,
думка мару тут жахала.
На ўзгалоўе гэта, браце,
Слёз прабегла — эх! — нямала…
3
Спарахнееш, станеш тленам,
Хоць стаіш пакуль што, хата.
Як я ўрос у твае сцены,
Ты ў душу маю ўрасла так.
Што вазьму я са старое
На пярэбары да новай?
Будзе тое, ды не тое,
Хоць, мажліва, адмысловей.
Аднясу я ў хату тую
Стол, цыгары, узгалоўе.
Мо адновім быль старую,
А душу ўжо не адновім.
Цяжка ўражанняў шукаць мне
Заржавелымі вачыма.
дзён мінулых новай хаце
Перадаць мне немагчыма.
Выгляд новы з новых вокан.
Тут на Нёман не зірну я
I лясоў, з другога боку,
Ціхі гоман не пачую.
А мой кветнік… Прэч сумоту!
Не вярнуць гадоў квяцістых…
Пра імпэт дарэмны клопат —
Трэба жыць цяпер статыстам…
Не вярнуць, не перайначыць!
дай жыццю таму валету!
Па старому хай заплача…
Хвілька, хвілька… дзе ты? дзе ты?
15 лютага 1847, Залуча
