автордың кітабын онлайн тегін оқу Што ўмею намаляваць
Уладзiслаў Сыракомля
Што ўмею намаляваць
Што ўмею намаляваць
Калі трапіць у рукі аловак выпадкам
I, не знаючы што, маляваць я вазьмуся,
Заўжды выйдзе ў мяне беларуская хатка,
Ці касцельчык, ці двор і з буслянкаю бусел.
Я другога не ўмею падаць на паперы.
Толькі вобраз, што ў сэрцы назаўжды адбіўся.
Шчыра прагнуў наўчыцца, ды згаслі намеры:
Панскі гмах не адолеў — аловак скрышыўся.
Каб то хата была, я штрыхамі б выводзіў
Саламяную стрэшку, акенца малое…
А ўсярэдзіне — люд працавіты у згодзе —
дзецюкі і дзяўчаты, дзядок з барадою.
Маладосць — у каханні, надзеі і ў думе,
Век пахілы, што згадак грабе папялішча, —
Людзі мары сардэчнай не страцілі ў тлуме,
Хоць праз шчыліны вецер аб нэндзы ім свішча.
Каб вясковы касцёл! Вось старая званіца,
З драніц збітая вежа — малюецца проста!
Бачу дзетак я там, што прыходзяць вучыцца,
I плябана да іх нахілёную постаць.
Ці стары арганіст, адспяваўшы кантычкі,
На вячэрню ў касцёле ўрачыста зазвоніць,
Гэты звон у прастор, узлятаючы, кліча,
Ажно рэха трымціць на зялёнай аблоні.
Каб маленькі дварок са стадолай і садам!
Сам сабой з-пад алоўка бяжыць без памылкі.
дуб ля ганка чало пахіліў са спагадай
Над дубкамі, што з роду хацінскіх асілкаў.
Вось і вычарпаў талент, мізэрна і марна,
Ганарыцца няма чым — убогія рэчы!
Крыж хіба што яшчэ намалюю цвінтарны,
Пад якім поруч з бацькам хацеў бы я легчы.
1860, Барэйкаўшчына
