Жменя пшаніцы
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Жменя пшаніцы

Уладзiслаў Сыракомля


Жменя пшаніцы

Жменя пшаніцы

Гутарка



I

Дзед Сцяпан быў войт спрадвеку, 

Войт адзіны ў той старонцы,

I такім быў чалавекам,

Што не знойдзеце пад сонцам. 

Кемны быў да кожнай справы 

I да люду меў спагаду.

У цяжкіх прыгодах нават

Як найлепей мог даць рады. 

I што ў свеце нечувана,

Хоць у войта з вёскай згода, — 

Пан не даў яму заганы,

А драпежнага быў роду. 

I няма ніякай звады,

Лічаць войта бацькам вёскі, 

Але старасць-то не радасць — 

Падыходзіць век дзядоўскі.

Ён без кія ўжо ні кроку,

Вока бляскам больш не грае, 

За плячыма горб шырокі, 

Барада зусім сівая.

На людзях бяды не тоіць:

— На спачын пара, суседзі. 

Памяркуйце між сабою: 

Войта трэба вам нагледзець! 

Галава да трох не злічыць,

Я здароўя ўжо не маю… 

Грамада крычыць там крычма, 

Моцна долю праклінае.

— Што ты, вашаць, пане-браце?.. 

Выракаешся худобы,

Збрыдла нас апекаваці, 

Наша згуба даспадобы? 

Аж пакуль па белым свеце

Ходзіш, войце, з ласкі неба, 

Як раней, твае мы дзеці, 

Іншы войт нам без патрэбы.

Просяць, грозяць, ходзяць следам, 

Вёска стогне, вёска ў скрусе… 

давялі нарэшце дзеду,

Што застацца войтам мусіць. 

Але ж старасць вельмі валіць 

Тых дзядоў, як з дрэў апады,

I Сцяпан дае параду, 

Каб наступніка абралі.

Потым спрэчак многа будзе, 

Калатэча, злосць, нязгода, 

Пакалечаць душы людзі 

Нават лепшага заводу.

— добра! — крыкнулі навокал. — 

Праўду кажаш ты, Сцяпане,

ды нашто шукаць далёка, 

Мы сыноў тваіх не ганім! 

Трое хлопцаў…

Адным словам,

Кожны варт быць на пасадзе, 

Не чужы ім люд вясковы, — 

Хай адзін з іх войтам сядзе.


Вось і спрэчкі. А каторы ж? 

Зноў у вёсцы тлумна стала: 

Той хінецца да Рыгора,

Тым Васіль здаецца ўдалы, 

А ўсе іншыя Сымона 

Хочуць ставіць на законы. 

Бацька чуе: запалае

Звада зараз у народзе, 

Валасы згарнуў з чала ён 

I сваё людзям даводзіць:


— Лепшых ёсць між вас нямала, 

Але выбраць як — вось гора… 

Калі вам на думку ўспала,

Што прыдасца сын каторы, 

Ваша ласка, не пярэчу,

ды людзям служыць — не жарты! 

Перш чым ношка ўгнула плечы, 

Хай пакажа, што ён варты.

Можам мы дазнацца скора,

Хто з іх здатны больш да чыну,

Пан вясной пашле Рыгора 

У Кралевец на віціны.

А Васіль у Кракаў рыне, 

Не абы-як, пане-браце.

Ну, Сымонка будзе ў хаце. 

Вось яго паслаць вам раю 

Соль купляць на Украіне, 

Плацім дорага ў мястэчку. 

Кожны ўправіцца павінен — 

Не аб гэтым будзе спрэчка. 

Але хто з чужога краю 

Больш карысці прынясе нам, 

Таго войтам выбіраем, 

Бацькам вёскі, мне на змену,

Год мінецца ў спорнай працы, 

Спраўдзім нашыя намеры,

I калі ўсіх трох праверым, 

Будзем знаць, на кім спыняцца. 

Словы дзедавы, як рочаць,

I ў душы надзеяй свецяць. 

ды не знаюць войта дзеці, 

Як за імі вёска сочыць!



II

Год мінуў ад той гаворкі, 

Вось Кралевец шле барліны, 

I старэйшы сын Рыгорка 

Прыплывае ўжо з віціны. 

доўгіх год яму жадаюць, 

Льюць у кубкі мёд ды піва,

I Рыгор апавядае

Пра ўсе цуды, пра ўсе дзівы.

— Надта ж мілы ў немцаў побыт, 

Пыхі многа нечуванай,

ды найболей даспадобы 

Капялюшык і каптаны.

Што казаць аб світцы нашай!— 

Крой дзівацкі, неўжываны,

I відно, што гарапашны. 

Кройма світкі на каптаны! 

Саламяны капялюшык —

Ад прыгону ўбор для хлопа! 

Вось у немцаў, кажуць слушна, 

Сапраўды значна Еўропа!

Бацька слухае ціхмана, 

Жар варушыць на камінку, 

Але ў думках у Сцяпана:

«Ой, не будзеш войтам, сынку!»



ІІІ

I Васіль сыскаўся хутка: 

Размаўляе тонам зуха. 

Хата войтава паўнютка, 

Люду ўсё цікава слухаць:

— Што за мова у палякаў, 

Што за песні, проша пана! 

Напяваюць кракавяка,

А мы так пяём пагана.

Мы спяваем так шчымліва, 

Словы песні — боль, гаркота, 

Смутак льецца з кожнай ноты, 

Ажно рэха плача ў нівах.

дам параду я, браты, вам: 

Кіньма спеў стары, жабрачы, 

Кракавяка лепш заскачам, 

Павяду я рэй імкліва!

Бацька слухае ціхмана, 

Жар варушыць на камінку, 

Але ў думках у Сцяпана:

«Ой, не будзеш войтам, сынку!»



IV

I Сымона сустракаюць, 

Што вярнуўся з Украіны:

Ён не строіць кплівай міны, 

На свой край не наракае.

— добра, — кажа, — ў старане той, 

I сляпцу відаць далёка:

Стэп пакуль сягае вока,

Стэп, здаецца, на паўсвета. 

А зірне ў сваю старонку — 

I затужыць падарожнік

Па рацэ, па хвойцы гонкай, 

Па узгорках каля пожні.

Хоць бы нават Украіна 

Горы скарбаў абяцала, 

А туга б дамоў пагнала, 

У бацькоўскую хаціну.

Вось адно хіба — пшанічка! 

Рэч зайздросная ў тым краі! 

Кожны колас, быццам бічык, 

Ніва з небам размаўляе!

Трохі плёнаў тых дзівосных 

Я сабраў у торбу ўпотай.

Прычакаем — прыйдзе восень 

Украінскіх умалотаў.

Я па жменьцы ўсім адразу 

дам для добрага пачатку…


Бацька выслухаў нашчадка 

I ўздыхнуў замест адказу.

Гэты ўздых яго без слова 

Гордай думкі быў высновай. 

Гонар бацькі знаць па твары:

дбайны хлопец, спраўдзіць мары.



V

Войт гаворыць з хваляваннем:

— ў дурня дрэнныя навіны! 

Хто нямецкае убранне 

Прапануе славяніну,

Той, каму чужое міла,

Хто аб шапцы з лямцу марыць, 

Каму вочы засляпіла,

Лічыць брыль свой не да твару, 

Хай страі чужыя носіць,

Хай здароў заплюшчыць вочы: 

Летам пот яго заросіць,

А пад восень дождж прамочыць! 

Тройчы дурань той зухвалец,

Хто хапае спеў няродны

З ніў чужых і потым хваліць 

дух тутэйшы ў песні зброднай. 

Хто ганьбуе грунт бацькоўскі, 

За чужой сягае зоркай,

Той не дасць ані для вёскі, 

Як Васіль і як Рыгорка.

Хто ж прывёз з другога краю 

Зерне плённае радзіме

I зямлю абсемяняе, 

Падзяліўшы між сваімі, 

Хто аб свеце кажа скромна, 

Бо свае мілей улонні,

Будзе вам служыць нястомна, 

Войтам быць табе, Сымоне! 

Грамада яго вітае

I заўзята б’е ў далоні,

Плён з пшаніцы прадчувае: 

Войтам быць табе, Сымоне!


1856, Варшава