Лялька
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Лялька

Уладзiслаў Сыракомля


Лялька

Лялька


Будзь, лялечка, ветлай! I плакаць не варта!

А хто ж гэта вушка ка мне не схіляе?

Я ляльцы скажу пра цікавае надта,

Як чула ад родных сама я.


У свята… мне мама надзене абнову,

Бо выўчыла я па-французску маліцца. 

Завяжа чало мне істужкай ружовай.

Паедзем мы ўсе да капліцы.


Вось будзе дзівіцца народ наш вясковы,

Калі па-замежнаму я памалюся!

Маліцца ж не варта мужыцкаю мовай,

Хоць я і жыву ў Беларусі.


Ціхутка скажу і папросту: хай Божа

Хутчэй дасць мне вырасці зграбнай, харошай,

А татку і маме здабыць дапаможа

Шмат жоўтых і беленькіх грошай.


Яны іх так прагнуць, як збавы смяротнай,

Кладуць на імшу па двузлотцы, не меней.

А Бог, што дае за ахвяры стакротна,

Адплаціць ім поўнаю жменяй.


Штораз яны лепей дагоджваюць Богу,

А ён жа ўсё бачыць сваімі вачыма!

Адразу дасць грошай так многа, так многа,

Што нават злічыць немагчыма.


Ах, лялька! Аж смешна! Не можаш ты ўцяміць:

Пытаеш, ці Бог прыйдзе ўласнай асобай,

Ці грошы нам ангел нябесны даставіць

Вялізнай, вялізнаю торбай?


ды не! Мама кажа, што з літасці Боскай

Гандляр прынясе тыя грошы з мястэчка.

За іх купім хлопаў вялікую вёску,

Каб сеялі жыта і грэчку.


Мы — гэта паны. Зразумець табе трэба!

А ёсць яшчэ іншыя людзі — сяляне,

Якім загадаў Бог з высокага неба

Панам здабываць харчаванне.


Брыдкія і брудныя, хлеб з лебядою,

Сярмягі падраныя, курныя хаты…

Іх Бог так карае, напэўна, за тое,

Што хлопы не слухаюць тату.


Ён коні больш любіць, а мама дык шпіца.

Сялян — хто аблае, хто кіем пацягне.

Папраўдзе — і шкода, і трэба дзівіцца:

ўсе неслухі, мабыць, сяляне!


Учора… як тата заснуў па абедзе,

дык — на табе! — добра так? Што за патрэба? —

ў пакой натаўкліся, крычаць, як мядзведзі:

«дай хлеба, паночак, дай хлеба!»


Што ж! далі кіямі. ўсё стала на месца…

Ах! Я, калі вырасту, буду мець збожжа, —

Пакуль уся вёска мая не наесца, —

Ніколі не лягу на ложак.


Прабач мне, ды як бы з табой мы заснулі:

Галодны народ каля вокан таўчэцца.

А як не накорміш, у торбу дзядуля

Паберыць усіх, хто без сэрца.


Што ж будзе, як Езус заўважыць з іконы,

Які дзеліць рыбу і хлеб між людзямі?!

Эх, лялька! Хай Бог дасць здароўя і плёну

Сялянам, і тату, і маме…


4 красавіка 1851