автордың кітабын онлайн тегін оқу Алесю Iвашкевiчу
Валеры Маракоў
Алесю Iвашкевiчу
Палюбiў я асенняе ранне
I красу зарунелых далiн,
Мо затым, што у срэбным тумане
Апавiты жальбою палi,
Палюбiў я асенняе ранне.
Ў гэтым раннi, халодным i сiнiм,
Многа шчырасцi й многа крывi.
Чуеш, там, за шырокай далiнай,
Нехта кажа: Валеры — жывi!
Ў гэтым раннi халодным i сiнiм.
Цiха сцелецца жоўтае лiсце,
I пяе аб мiнулым трава,
Што цяпер весялей, як калiсьцi,
Песнi шчасця й кахання спяваць.
Цiха сцелецца жоўтае лiсце.
Знаю я, што ў палях непагодна,
Недзе плача мiнорна струна.
Бо за гэтым акордам нягоды
Будзе пець i смяяцца вясна…
Знаю я, што ў палях непагодна.
Палюбiў я асенняе ранне,
Бо ў iм многа раздум’я i слёз.
Калi нехта упаў на кургане,
Гэта значыць,— ён цемры не знёс…
Палюбiў я асенняе ранне.
