автордың кітабын онлайн тегін оқу Добры дзень, дарагая
Валеры Маракоў
Добры дзень, дарагая
Добры дзень, дарагая,
Цалуй i цалуйся,
Хай гараць твае вусны агнём.
Ты сягоння другая,
Узрастай i красуйся
I жывi гэтым сонечным днём.
Нездарма ж так блукае
Усмешка на твары
I на вуснах iстужка зары.
Абапрыся рукамi
На руку, таварыш,
I давай гэтак разам згарым.
Бачыш, дзень дагарае,
Ружовыя плямы
Сонца кiдае ў люстра ракi.
Цi хоць раз замiрала
Ты сэрцам над ямай,
Як крывёй залiваўся блакiт?
Ты яшчэ маладая!..
Празрыстыя вочы
Толькi бачылi радасць i смех.
Нездарма ж так жадаеш
Не ў белыя ночы,
А ў асеннiм тумане шумець.
О, вясна-маладзiца!
I той вось i гэты
Разам некалi свет сцераглi,
На палях i ў байнiцах
Узрастала iх мэта
Ў кожнай кроплi пралiтай крывi.
Добры дзень, дарагая,
Цалуй i цалуйся,
Прыйдзе час i ты будзеш згараць.
А сягоння другая,
Узрастай i красуйся,
Покуль вольны i радасны край!
