Летуценнi
Қосымшада ыңғайлырақҚосымшаны жүктеуге арналған QRRuStore · Samsung Galaxy Store
Huawei AppGallery · Xiaomi GetApps

автордың кітабын онлайн тегін оқу  Летуценнi

Валеры Маракоў


Летуценнi

Iшоў адзiн

Мяжою мне знаёмай.

Iзноў смяяцца

I спяваць iзноў,

I так хацелася

Другой або другому

Аддаць душу

Квiтнеючай вясной.

Яна прыйшла

Адна, неспадзявана,

Пад цiхi шопат

Спелых каласоў.

Душа палала

Шчырасцю нязнанай,

Цвiлi сады

Нязведанай красой.

Акорды траў

Лiлiся на прыволле,

I месяц пiў

Лiпнёвы агняцвет.

I так хацеў, хацеў

З мяцежным болем

Упiцца сiнню

Месячных завей.

Як цiхi сон

Балючага натхнення,

Шумелi ветры

Ў радасных палёх.

I жыццятворчай

Песняй летуценняў

Ў маёй душы

Паўстанне узрасло.

Я ўсё жыццё

I лепшыя хвiлiны

Гатоў аддаць

За праўду i другiх,

Каб толькi бачыць

Радаснай Айчыну,

Каб выйсцi ўдаль

На новыя шляхi.

А днi iшлi;

Адходзiлi, знiкалi,

I днi другiя

Выйшлi з туманоў,

А разам з iмi

Ў сонечныя далi

Прыйшла й яна,

Узросшая вясной.

Прыйшла i шчырасць

Сэрца маладога

Хацела мне

Навекi падарыць,

А я гарэў

Нязведанай трывогай,

Крывавым сумам

Выплыўшай зары.

I я не знаў,

Не думаў i не марыў,

Што мог яе

Балюча цалаваць,

Бо хто мог бачыць —

Сiнiя абшары,

Зялёны лес

Ды мяккая трава.

Ах, я дзiвак

Упарты i мяцежны,

Я сам уцёк

Ад вуснаў i надзей,

Каб не упiцца

Шыяй беласнежнай,

Каб больш не бачыць

Подыху грудзей.

Чаго ж тады

Я верыў i iмкнуўся,

Чаго я пеў,

Чаго хварэў душой?

Ў палях шырокiх

Роднай Беларусi,

Каго шукаў,

Таго я не знайшоў.

Ну, бо яна

Гарэла, не згарала,

Як гэта ноч

I месячная цвець.

I каб другога

Ў свеце напаткала,

Магла з другiм

I плакаць, i гарэць!

Ах, я заснуў,

I гэта ўсё здалося.

Бо за вакном

Мяцелiца шумiць

I вецер сыпле

Снежныя калоссi,

Каб гэту даль

Надоўга астудзiць.

I ў сэрцы зноў

Дзiцячыя жаданнi.

Мне шкода

I так цяжка мне,

Што гэты сон

Прыгожага спаткання

Ў душы не змог

Ужыцца, паланець.

Вiдаць, ў жыццi

Нiкога не спаткаю,

Каго змагу,

Як песню, палюбiць,

I ўсе шляхi,

Здабытыя вякамi,

Прайду, як сон

Паўстання й барацьбы!