Валеры Маракоў
Пiлот
I ў сэрцы дрож,
i ў прапелеры дрож.
I вочы —
сто тысяч братоў алмазных.
Песню
на сэрца,
на сонца памнож,
і выйдзе блакiтнай
яна адразу ж.
У нашай краiне
такая вясна!
I моладзь такая
крылатая!
Калi узнiмаюцца
два крыла,
на iх узiраецца
ўся страна,
самая прыгожая
i багатая.
I вочы, як неба,
i вочы агнём,
блакiтным агнём
апраменены.
Ты ў неба ўзлятаеш
мяцежным арлом,
ты ў небе iграеш
блiскучым крылом,
дачка
агнявога натхнення.
I зорным дыванам
паўзе зямля,
зямля ў адзiнаццаць
i ў дваццаць два,
ластаўкай бурнай
узлятае зямля, —
туды, дзе на сонцы
гарыць сiнява,
туды, дзе крылатая
рэе братва.
Ты ўчора скакала на дол
з самалёта,
а сёння вядзеш самалёт.
Ты ўся залатая!
Ты з сэрцам пiлота!
Ты ўся залатая!
Ўся сэрцам пiлот!
Такая прыгожая! —
быццам зара.
I вочы пятлiц
загараюцца небам.
Такая прыгожая! —
песня-зара,
такая прыгожая! —
сонца-зара,
такая прыгожая! —
ў золаце неба.
Расла ў камсамоле.
Цвiтлiвай вясной
ты марыла быць —
i пiлотам ты стала.
Над самай прыгожай
маёй стараной,
над слаўнай краiнай,
краiнай маёй
вышэй ты за неба,
за сонца ўзлятала.
Ты ўся залатая
з вачмi залатымi,
з алмазным кастром
ў блiскучых вачах.
Над стэпам, над морам,
над дзiкай стыхiяй —
герой-пераможца,
блакiтны птах!
