Валеры Маракоў
Вясной
Устала сонца над палямi
I цёплы ветрык зашумеў.
Прастор запеў i перад намi
Прыйшоў канец, канец зiме.
О людзi-братцы, ясным сонцам
Ўсё ажыло ў палёх, лугох.
Над кожнай хатаю бясконца
Вяснова-новы спеў разлёг.
Вясна, вясна — краса прастораў,
Краса жыцця i нашых дзён.
Бягуць руччы разгульна-горда,
I радасць звонiць у грудзёх.
Такой парой жыццё i песня,
I ў сэрцы радасць чулых сноў,
Бо на прыволлi жыць не цесна
I шчасце пiць i пiць iзноў!
