автордың кітабын онлайн тегін оқу Адноуленая зямля
Валеры Маракоў
Адноуленая зямля
Паэма
I
Быў вечар палкiх парыванняў…
Цвiла зара маёй душы.
Быў я ўстрывожаны дазвання,
Я з новай песняй падружыў.
Ў палях успыхвалi зарнiцы,
Ў палях праз хмары
I туман
Жывыя песнi-чараўнiцы
На даўнi клiкалi курган…
На гонях волi,
На прасторы,
Дзе новы свет жыцця гарыць,
Другiя песнi,
Смех
I зоры
Прыйшла нам доля падарыць…
Спявай, душа,— крынiца песнi,
Жывы узмах арлiных крыл.
Ў блакiтным ганку
Паднябесся
Ўздымай агонь
Жывых свяцiл…
Руйнуй мiнулых дзён галгофу,
Дзе сэрца краю Мураўёў
На жах,
На крыўду ўсёй Еўропы
Мячом Расii пракалоў.
Пракляцце, кат, табе, i злодзей.
Цябе пракляў
Мой родны край.
Такiм, як ты, сказаў ён:
— Годзе,
Даволi сэрца надрываць!..
Так я стаяў,
Так марыў ў нiвах
Маiх прастораў залатых,
I ў глыбiнi душы шчаслiвай
Знiкаў туман, праходзiў дым…
II
— Куды iдзеш ты, дзеду любы?
Сядзь-пасядзi, тут родны край…
— О так, сынок,—
Шапталi дзеда губы,—
Прыйшла i наская вясёлая пара.
Прыйшла пара мужычаму разгону.
Ну, што ж, сынок,
То хочаш, пасядзiм…
Стары ўжо я…
Зямля старога клонiць,
Зямля дае прасторы маладым.
I пад бярозкай белай на кургане
Мы селi ўдвох:
Я — юны,
Ён — стары…
Закат крывавымi i тонкiмi рукамi
Матаў iстужку сонечнай зары.
Устрос дзядок сiвымi валасамi,
А мне здалося —
Гэта хваль разбег.
— Глядзi сюды, на гэты даўнi камень,
Пад iм жыццё,
Пад iм мiнулы век…
— Ах, так, дзядок!..
Кажы, кажы, мой любы,
Я рад падслухаць сэрцам маладым,
Аб чым раскажуць ласкавыя губы,
Аб чым раскажаш
З захапленнем ты…
Ты многа жыў…
Ты многа ў свеце бачыў,
Ты знаў прасторы дальнiх берагоў…
Ах, што з табой?
Ты сцiх.
Ты плачаш:
Аб чым?.. Чаго?..
Скажы, скажы, чаго?..
I ён казаў нек глуха, нек забыта:
— Ты малады:
I мо не ўцямiш ты
Усё, што сэрцам гордым перажыта…
І расказаў жыццё сваё стары.
III
Меў я панурую хату,
Ў хаце ж —
Нядолю вякоў.
І з ёю быў лёсам закляты…
Звалi мяне мужыком.
Хворая жонка…
А дзецi,
Дзецi па свету пайшлi.
Лёсу чужога iх вецер
Ў дальнiя кiнуў палi.
Дзе яны, кветкi краiны,
Кветкi жыцця i вясны?
Вецер хаўтурыць ў далiне,—
Значыць, памерлi яны!
Я не сумую.
Я — горды.
Толькi душа, як арган…
Лье ў мае думы акорды —
Смерцi…
Нядолi
I ран.
Сёння табе раскажу я,
Што не стварыць,
Не вярнуць
Повесць змагання жывую,
Дзiўную повесць адну.
Быў мой Антось на заводзе.
Сын мой —
Рабочы-гарбар.
Меў ён пашану
Ў народзе,
Як правадыр i бунтар.
IV
Як цяпер я помню — хмуры быў завод…
А благi дырэктар
Ў сотнi раз хмурнейшы.
Быў ён кат-зладзюга
I нягоднiк першы,—
Пра яго казаў так будаўнiк-народ.
Горкi i нiкчэмны
Быў там хлеб рабочы…
Быў абмыт крывёю й горкiмi слязьмi.
I прыйшло другое,—
Хтось сказаў аднойчы:
— Досыць мы цярпелi,
Гнулi спiны мы.
Паўставайце, браццi…
У пустэльнi свету,
У пустэльнi свету дзiкай i глухой
Адшукаць павiнны
Мы жывую мэту
Дарагiх i блiзкiх, светлых берагоў.
Гудзеў завод, рамнi спявалi,
I пад машынны
Дзiкi шум
Жывыя словы замiралi,
Вiхурай ранiлi душу…
Кiпела сэрца бурна,
Ўпарта,
I вось дырэктар увайшоў
I пад агонь насмешак-жартаў
Ён гаварыў,
Як кат,
Як воўк…
— Чаго сышлiся, чэрцi-гады?!
Пайшлi адсюль!
А ты, а ты…
Ты зноў бунтарыць?!
Ух, пракляты!
Ты што ж— iх бацька,
Iх святы?
Не сцярпеў Антось мой…
Размахнуўся горда,
Размахнуўся горда i, што стала сiл,
Садануў дырэктару
У свiную морду
Ўсю агiду й крыўду, што ў грудзях
Насiў…
V
Прыйшлi душакрывы. Забралi яго.
Забралi яго i з сабой павялi.
Клялiся навек пазнаёмiць з тайгой,
З сцюдзёным прасторам
Сiбiрскай зямлi…
I бiлi,
I строiлi кпiны над iм.
I горка так сэрцу рабiлася, горка.
Хацелася
Здзекi пусцiць iх на дым,
Парваць
I парушыць iх злую гаворку…
I вось пасадзiлi…
За белай сцяной,
Дзе крыўду з маной называлi братамi,
Ён вiў
Беларусi любiмай вянок,
Ён цвёрды быў сэрцам, як камень.
Нядоўга яму давялося сядзець…
Зямля аблiлася
Крывёю навалаў:
Ў агнi захаплення
I творчых надзей
Бунтарная сiла паўстала.
Ён выйшаў на волю…
Эх, воля…
Эх, свет,—
Жаданая мара стагоддзяў.
Ўжо тысячы год табе верыў сусвет.
Была ты i чыстай, i светлай
Ў народзе…
VI
Неба пажарам фарбована.
Панству, нядолi —
Капут.
Усё, што струхнела,— зруйнована,
Усё, што душыла,—
Не тут.
Час навальнiц i пажараў.
Г-гэх!
Разыдзiся, душа!
Чорная ноч i варожыя хмары.
Нейчы прыдушаны шаг.
Мерзнуць пад плотам
Мiнулага ценi.
Плот пахiлiўся,
Прылёг…
Неба адзета ў пажараў адзенне,
Новы пяройдзен парог.
— Пана павесiць! — крычалi сяляне.—
Панскi маёнтак —
Спалiць.
Смерць i праклён
На жыццёвым экране,
Вечная крыўда зямлi…
Вогненнай лавай кранулася вёска.
— Зрушым маёнтак! —
Буянiў Тамаш…
— Стойце!
Хвiлiну…
Вы п’яныя ў дошку!
Пана павесiць, маёнтак жа наш!
Гэта здабыта рукамi працоўных.
Гэта сваё,—
Гаварыў так Антось…
— Што ж, за маёнтак ты?..
— Так, безумоўна!
Нам ён патрэбен…
— Досыць iржавых атос!..
Вогненнай лавай кранулi сяляне,
Выбухнуў крыўды вулкан.
Смерць i праклён на жыццёвым
Экране…
Усе, хто пакрыўджан,— ўзнiмiся!
Паўстань!..
VII
Ляцелi днi… Прыйшлi чужыя людзi
Ўчынiць апошнi суд,
Суд не на смех.
— Хто бальшавiк у вас тут будзе,
Хто супраць нас, скажы,
Паўстаць пасмеў?
— Адкуль мне ведаць, любы мой паночку,
Ўжо, мабыць, той,
Ну, як яго… Антось…
— Дзе ён жыве?
— За мною.
— Точка!
Вядзi, скажы, што сябра,
Госць…
Прыйшлi i вось — абшарылi ўсю хату…
— Скажы, стары, дзе сын твой?
— Тут няма.
— Ах, вось як!
Ўзяць яго!
Ах, чорт пракляты!..
Спалiць усё, ў сiвы пусцiць туман!..
I занялася хата дзiка й палахлiва…
Упала жонка ў ногi к падляцом.
— Даруй, панок.
— Ўставай, халера!..
Жыва!
Не то цябе услаўлю бiзуном.
З журбой вачэй —
З глухой пустэльнай,
Дзе не было нi кветак,
Нi травы,
Яна пайшла, як з горкага пахмелля,
Схiлiўшы сумна ружу галавы.
Я быў ў экстазе помсты
I адплаты…
Ў душы магiла…
Сэрца, як арган…
Ў руках крывавага i дзiкага заката
Сачыўся лёс рабочых i сялян!
VIII
Быў вечар дзiкi, расстраляны…
А лес шумеў.
А лес шумеў.
Здушыўшы смерць ў душы нагана,
Стаяў паўстанец —
Сам, як смерць.
…Сюды прыйшлi шукаць ратунку
Сыны лясоў,
Сыны балот.
I вецер ўзяў iх пацалункi
Аддаць зары ў чырвоны рот.
I раптам —
Крыкi,
Плач
I стогны.
У небе дым, агонь i кроў.
Хвiлiна —
Й лес адзет трывогай…
— Браты, нас паляць! Марш ўпярод!..
I вось сышлiся… Рвалi… бiлi…
На момант месяц выйшаў з хмар…
I я пабачыў —
Сын мой мiлы,
Ад кулi ўпаўшы, памiраў.
Рвануўся я душой з-за кратаў.
Душы няма нiякiх крат!
I я адчуў
Ў той дзень пракляты,
Аб чым шаптаў i пеў закат.
Мiнулi днi…
Прыйшло другое…
Краiна стала ажываць…
Адным,
Бунтуючым прыбоем
Мы выйшлi край свой вартаваць!..
Зямля не скрыўдзiць,
Не пакiне,
Зямля — наш дом, з нас кожан госць
У новай
Сонечнай краiне,—
Шкада — не можа жыць Антось.
IX
Схiлiўся дзед, i срэбра кудраў
Упала хваляй
На плячо.
Ў яго вачах сталеццяў мудрасць…
Агонь i сум
Ў яго вачох.
— Табе шкада, дзядок, памершых?
— Як не шкада?
Шкада, сынок.
Бывае,
Сэрца ў шчасце верыць
I веры тухне аганёк!
Ну, мне пара…
Мяне чакаюць…
Пагас за лесам водбліск дня…
I ён пайшоў…
Ўдалi змаўкалi
Яго шагi.
Ён патанаў
У змроку ночы.
Ўдалі за гаем
Загучала
Няйначай песня — рос уздым…
I ўсё тут
Мэту абуджала
Быць вечна чыстым, маладым!
I я пайшоў…
Дрыжалi ценi…
Ўставаў над возерам туман…
Ў агнi
Бунтоўнага натхнення
Душа спявала, як арган…
I я пайшоў — палёў бяскрайнiх,
Вясны бяскрайняй
Ўзяць агонь…
Вiтанне ж, родны край, вiтанне
З жывых i родных берагоў.
