автордың кітабын онлайн тегін оқу Восень
Валеры Маракоў
Восень
Там, дзе ў полi ззяюць росы
I па начах ўстае туман,
Радзiўся
Дзень светлавалосы
I мой наiўнейшы
Раман.
Яе знервованыя пальцы
Прайшлi,
Як сон, па валасох…
О, восень
Ў вобразе бенгальца
Мудрэй,
Як мудры Саламон!
Вакол крывавыя пажары
Прымушан вецер
Раздзьмухаць,
Бо ўсё ж
Асеннiя абшары
Не хочуць сэрцам памiраць.
Шумi,
Спявай,
Прывольны вецер,
Не жабраваць табе ў палёх.
I можа быць, iзноў,
Паэце,
Напомнiш ты ягоны лёс..
Было даўно…
Ў прасторах свету
Такой жа восеньскай парой
Iшоў без песнi
I без мэты
Дзень,
Акрываўлены зарой…
Быў я малы
I сэрцам кволы,
А год галодны i глухi,
I людзi падалi
Да долу,—
Лiсты i людзi — мерцвякi.
Сабакi грызлi чалавека,
А чалавек —
Падчас сабак.
Звяры
Прыходзiлi аднекуль
На гэты
Вымушаны баль…
А восень кiдала чырвонцы
Пад ногi ветру
I жальбе,
Каб па нямеючай
Старонцы
Прайшла зiмы i смерцi бель.
Каб заглушыла рогат
Жаху
I трупы ў саван свой ўпляла:
Зямлю,
Лясы,
Далiны,
Дахi,—
Ўсю гэту змучаную даль…
А людзi йшлi…
Яны палалi…
I горда верылi ў жыццё,
I на палях,
На морскiх хвалях
Няслi агонь,
Запал
Ў грудзях…
Кастрычнiк…
Выбухi гарматаў…
Зямлi смяротны непакой,
А ўсё ж
Разбiлi мары
Катаў
I здзекi згубленых вякоў.
Хлапчынка стройны й кучаравы,
Не разумеў я гэтых спраў,
I ад Масквы
Аж да Варшавы
Наiўным вокам пазiраў
На карту бойкi
Векапомнай.
I мiлiённы гул
Гармат
Здаваўся мне
Душой бяздомнай,
Што сонца вырвала з-за крат!
Сягоння восень
Ўжо не тая,
Не той кастрычнiк сцеле лiст.
Сама,
Як воля,
Маладая,
Як лепшай долi
Цымбалiст,
Фарбуе вулiцы сталiцы
Ў святло
Квятлiвiстых надзей…
Сягоння
Восень-чараўнiца
Прыйшла вiтаць наступны дзень.
I сёння я другi…
Я новы…
Пачуў з палаючых раўнiн
I вулiц гул,
I шум дубровы,
I песнi новыя турбiн.
I зразумеў я ў шуме ветраў
Прастор зямлi
I ўсiх марэй,
Тут будзе
Горад-сад
Сусветны —
Адна краіна — СССР.
I наша восень не навее
Халодных вобразаў
Жальбы,
Дзе людзi гiнулi
Ў завеях,
Ў агнi вялiкай барацьбы.
