автордың кітабын онлайн тегін оқу З цыкла „Пальмы далiны“
Валеры Маракоў
З цыкла „Пальмы далiны“
І
Б’ецца мора аб бераг круты.
А цi ж скажа аб тым, што не трэба
(Калi мiрна, так хораша неба)
Бiцца мору аб бераг круты?
Быццам другу, так дораг яму.
Я прасцёр свае рукi i крыкнуў: сюды!
Я ж пазнаў яго боль, прывiтаўся на ты,
I, як другу, быў рады яму.
Не па назве ж адной мы свае.
Быў i я ж непакорны,
Быў ласцы чужы.
Знаеш, мора, ты шчыра скажы —
Не па назве ж адной мы свае.
Многа дзiўнага ведаеш ты.
Ува мне ж дзiваў сад
Патаемна жыве.
Песняй братняй аддам я табе
За твой бляск, за клапоты,
За стынь i агнi.
Не пакрыўдзiш мяне ты,
Не згасiш нi-нi —
Песняй братняй аддам я табе.
Я прывёз прывiтанне здалёк.
I яно твайго дна, тваiх нетраў глыбей.
Схамянiся i слухай — ўсiм сэрцам табе
Я прывёз прывiтанне здалёк.
ІІ
Ляжу i слухаю уночы
Званочкi цiхiя цыкад.
Зачараваць як быццам хоча
Сваёй красой цвятлiвы сад.
I льецца тонкi кветак чад.
I зорны змрок на зорны ганак
Бруiцца, быццам вадаспад.
Ўсё поўна ласкавага мiру.
За цеплату, за ночы шчырасць
Я, як дзiцёнак, сёння рад.
Ўсё палымнее славай новай.
I хто б сказаў, што золкi град
Тут гаварыў смяротнай мовай,
Набатам жудасных гармат?
Калiсь Шкуро* з ватагай чорнай
Тут сеяў смерць i смерцi чад.
I сад надзей, сад вiхраў зорных
Стаў садам шыбенiц i крат…
Нястомны ж ў бойках наступ бурны,
I ясны быў, як дзень, загад…
Байцы заводаў, хатаў курных
Iшлi на смерць, як на парад.
Ўсё неба ў зорах, светла, ясна.
Ледзь-ледзь шумiць зялёны сад.
I я, ўсхвалёваны i шчасны,
Упiўся музыкай цыкад.
ІІІ
Было кругом, як у цудоўнай байцы:
Вада, паветра, кветкi i зямля,
I нават сонца дня у жоўтай майцы
Iшло з усмешкай ветлаю на пляж.
Каралi золата на доле ўпалi.
Як палкi сон, каменнi i пяскi.
Мора цвiло, спявалi звонка хвалi,
I чоўны кiдала вакол ў бакi.
Званочкi радасныя песнi-смеху,
Як вадаспад у мiрны час начны,
Гучалi ў сэрцы доўгiм-доўгiм рэхам,
Такое шчасце толькi раз гучыць…
