автордың кітабын онлайн тегін оқу Цi не ты мяне звала сюды
Валеры Маракоў
Цi не ты мяне звала сюды
Эх, палi, залатое раздолле.
Ну чаго ж так застукала кроў? —
Гэта даль i шырокае поле
Налiлiся каханнем дуброў.
Я прыйшоў, засмяяўся, заплакаў
I на грудзi асiны прылёг,
А яна, як прапашчы гуляка,
Прытулiлася цiха без слоў!
Ну i што ж, дарагая асiна,
Цi не ты мяне звала сюды? —
Раскажы ж гэтым вечарам сiнiм
Аб жыццi тваiх дзён маладых.
Раскажы, дзе хлапцы i дзяўчаты,
Дзе iх песнi i радасць вясны.
Можа, там, ў гэтых нiзенькiх хатах,
Больш не будуць смяяцца яны.
Я ж хачу яшчэ жыць на раздоллi,
Зноў пабачыць братву i разгул…
Што ж, бывайце, асiна i поле,
З вамi жыць я адзiн не магу.
Не магу!.. не магу!.. i не знаю,
З кiм дружыць i каго абдымаць,
Цi забыцца на сiнiм кургане,
Цi каменне зубамi ламаць?!
