автордың кітабын онлайн тегін оқу Перада мной напружаная зала
Валеры Маракоў
Перада мной напружаная зала
Перада мной напружаная зала
Ў чаканнi слоў бунтоўных i жывых.
Вам, хто прайшоў Кастрычнiка навалы,
Не вешаць долу гордай галавы.
Ўстае вясна ў разгары светлых гiмнаў,
I чэзне дым з жыццёвых берагоў…
Вас шмат такiх — i ласкавых, i дзiўных,
З мяцежным сэрцам, грубаю рукой…
Я вам прынёс, бунтоўным i вясёлым,
Напеў палёў шырокiх, залатых,
Дзе ў новы час, ў разгары новай долi
Жыццё па-новаму красуе маладых…
Вакол так многа веры, парыванняў,
Так многа песняў сонечнай вясны.
Дык, дарагiя, любыя, — вiтанне
Вам сына новай стараны…
Сцiхаю я… Ў грудзях не цiхне бура.
I ў зале выбух сотнi галасоў…
О, я таксама з новаю культурай
Iду адною з вамi паласой,
Каб несцi сцяг змагання, перамогi,
Гарэць iмкненнем юных i жывых…
Якi уздым! Як сэрца б’е трывогу!
Як горда ўзнята ружа галавы!..
