автордың кітабын онлайн тегін оқу Помнiш ты, быў цiхi-цiхi вечар
Валеры Маракоў
Помнiш ты, быў цiхi-цiхi вечар
Помнiш ты, быў цiхi-цiхi вечар,
Месяц жыў i плакала лаза.
Ты так доўга думала аб нечым
I хацела нешта мне сказаць.
Наша лодка цiха i пакорна
Несла нас ў нязведаны йшчэ край,
А ў бяздоннi воч тваiх азёрных
Вольным морам плакала зара.
Ты маўчала, любая дзяўчына.
Я таксама думаў i маўчаў.
Не таму, што сэрца неяк ныла
Па вясне i выпiтых начах.
Так плылi, не зналi, не чакалi…
Ўсё жыло трызвонамi надзей.
Ты мне нешта тайнае сказала
I прыпала з смехам да грудзей.
Я абняў, каб пакахаць i верыць!
Вусны так палiлi, як агонь!
Чуў я стук сваёй крывi i сэрца,
Ды спынiць не ў сiлах быў яго.
Твае вусны — вусны мне спалiлi,
Твае грудзi — кроў маю ўзнялi:
Мы навокал ўсё тады любiлi,
А цяпер, напэўна б, ўсё клялi!…
