автордың кітабын онлайн тегін оқу Уступ да паэмы „Рабiнавая ноч“
Валеры Маракоў
Уступ да паэмы „Рабiнавая ноч“
Я ехаў… Быў вечар гарачы…
Душа расквiтала агнём,
Крычалi над возерам качкi,
I вецер стагнаў пад вакном.
Там некалi
Ў хаце мужычай,
Пад песнi нязнанай журбы
Любiў я з другiмi ў надзвычай
Па-нашаму ласкавым быць!
Ў далёкiя кволыя ночы
Я помню сябе, як праз сон,
З душой надазёрнай жаночай
I з шапкай густых валасоў.
Я знаю, мяне там любiлi,
Як многiх,
Iнакшых,
Другiх,
За песнi вясновых iдылiй,
За шчырасць душы i рукi…
Пад снегам пушыстых акацый
Я помню, як нехта сказаў:
Там людзi умелi змагацца,
Там з боек не беглi назад.
Я слухаў, i голас знаёмы
Зноў сэрца агнём апалiў…
За садам ля нашага дому
Мiнулага думы ўсплылi…
Дрыжэлi над возерам ценi.
I дзе узнiмаўся туман,
Упала зара на каленi,
Упаў на каленi я сам…
Прымай, дарагая краiна,
Прымай свайго сына iзноў!
I месячным светам —
Крывёю рабiны,
I сумам начэй, i трывогаю сноў…
На полi туман,
А ў душы развiдняе,
I кветкi палёў зноў вiтаюць мяне.
Я iхнюю шчырасць
I ласку iх знаю,
Iх холад зiмы ў маiх снох
Не кране.
Я песнi прынёс iх
З далёкага поля,
З далёкага поля iх ласку прынёс.
Рабiнавай ноччу
Ўзняў зорныя пчолы
З эмалевай далi трывожных нябёс
